22 снежня 2024, Нядзеля, 13:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эдуард Лобаў: Я на гэтай вайне, каб дапамагчы Беларусі

11
Эдуард Лобаў: Я на гэтай вайне, каб дапамагчы Беларусі
Эдуард Лобаў

Сустаршыня «Маладога Фронту» Эдуард Лобаў далучыўся да добраахвотнікаў, якія абараняюць Украіну ад расейскай агрэсіі.

Чым жыве былы палітвязень, якія ў яго планы - пра ўсё гэта Эдуард Лобаў распавёў у шчырай гутарцы свайму сябру, сустаршыні «Маладога Фронту» Зміцеру Дашкевічу, калі той знаходзіўся ў Кіеве.

Дыялог апублікавала прэс-служба «Маладога Фронту».

- Вітаю, Эд, у добрым здароўі!

- Так, здароўе, дзякуй Богу, добрае!

- Вось скажы, не так даўно ты абвесціў пра свой намер далучыцца да Украіны ў вайне супраць Расіі. Як твой першы месяц на вайне?

- Нармальна, я далучыўся да Добраахвотніцкага батальёну «Правага сектара», які размешчаны пад Марыупалем.

- Гэта значыць, што ты не ўваходзіш у тактычную групу «Беларусь»?

- Не, не ўваходжу. Камандаванне «Беларусі» пастанавіла, што я пакуль павінен быць у складзе таго батальёна, у якім ваюю - так і раблю.

- Наколькі цяжка табе было ўцягнуцца ў ваенны рэжым, ці дапамагала ў гэтым плане твая служба ў паветрана-дэсантных войсках Беларусі?

- Натуральна, мне прасцей было ўцягнуцца, чым тым людзям, якія ніколі не выбягалі а 6 раніцы на марш-кідкі ці нешта такое. Але таксама не магу сказаць, што я быў ці з'яўляюся такім ужо падрыхтаваным байцом. У войску немагчыма дасягнуць дасканаласці. І калі ты хочаш выжыць і перамагчы, ты павінен пастаянна сябе ўдасканальваць. У батальёне, калі няма прамых баявых сутыкненняў, мы заўсёды трэніруемся і ўдасканальваем свае навыкі абсалютна ў розных напрамках вайсковай навукі: ад фізічнай падрыхтоўкі да мінавання.

- А што ты адчуваў пасля таго, як даведаўся пра смерць на полі бою сваіх пабрацімаў, разумееш ты цяпер, што смерць можна сустрэць у любы дзень?

- Я і раней гэта разумеў, усё ж не на курорт ехаў. Але нейкія незразумелыя пачуцці ўзнікаюць, калі сёння ты бачыш чалавека, а заўтра яго забіваюць у баі. Магу сказаць, што ў такія моманты глыбей разважаеш над сэнсам светабудовы, над тым, што будзе з намі ў вечнасці...

- Глядзі, якая думка не адпускае мяне ў Кіеве. Я хаджу па вуліцах, заходжу ў кавярні і паўсюль бачу, як маладыя хлопцы пацягваюць піўко, вінцо, цыгарэткі - і, я так думаю, ім проста начхаць, што там на Усходзе беларусы аддаюць свае жыцці за Украіну. Скажы, наколькі гэта правільна, ехаць беларусу і ваяваць за незалежнасць Украіны, калі шматлікім украінцам да гэтай вайны «фіялетава»?

- Я не за свабоду Украіны ваяваць ехаў, а за свабоду Беларусі. Бо калі Расія не атрымае па зубах тут, у Данбасе, яна пойдзе далей - і Беларусь, я абсалютна перакананы, будзе праглынутая, як і Крым, за пару дзён.

- Ёсць такое меркаванне, што каб не апынуцца ахвярай Расеі, дастаткова з рускай мовы перайсці на родную - і ў Расіі не будзе ніякіх аргументаў для нападу. Бо ў Крым і ў Данбас войскі Масквы ішлі і ідуць абараняць «сваіх» - рускамоўных суграмадзян.

- Я мяркую, што абарона рускамоўных - гэта толькі прыкрыццё. Масква і на нашу радзіму, на ВКЛ, заўсёды нападала аргументуючы гэта тым, што ідзе «абараняць» праваслаўных адзінаверцаў, але галоўным было - ненасытнасць і прага чужой зямлі.

- Усё так, гэта прыкрыццё, але прыкрыццё пад аргумент! А што, калі б прыкрыцця гэтага не было?

- Вядома, згодны, калі б Крым і Данбас гаварылі па-ўкраінску, Маскве было б амаль немагчыма дасягнуць таго, што яна дасягнула з часоў «другога Майдана» - акупацыі Крыма і паловы Данбаса.

- Звернем увагу на палітычныя працэсы, якія скалынаюць Украіну і Беларусь. Як ты мяркуеш, чаму ва Украіне, якая ваюе з усходнім агрэсарам, назіраецца рэзкае палітычнае супрацьстаянне, якое перарасло ў выбухі пад Радай?

- Асабіста я мяркую, што гэта наогул не справа беларусаў - лезці ва ўнутрыўкраінскія палітычныя працэсы. Яны маюць свабоду выбару і самі дадуць ацэнку ўладзе на выбарах. Хоць магу сказаць, што большасць байцоў незадаволеная тым, як афіцыйны Кіеў праводзіць сваю палітыку ў дачыненні да Данбаса і вайны, спрабуючы гуляць з тэрарыстамі ў нейкія пагадненні.

- Магчыма ты чуў, што Лукашэнка на днях вызваліў усіх палітвязняў. Як ты мяркуеш, для чаго ён гэта зрабіў?

- Нічога новага, кожную пяцігодку адбываецца перадвыбарная гульня ў дэмакратыю, накіраваная на тое, каб Захад прызнаў яго легітымным прэзідэнтам.

- А ці могуць гэтыя «выбары» нешта змяніць?

- Я мяркую, нічога яны не зменяць. Гэта будуць самыя пасіўныя выбары за ўсю гісторыю. Ды і што чакаць ад іх, калі гэта фарс, у якім ніхто нават не заікаецца, што будзе змагацца за ўладу. Гэта проста тупы фарс, які нікому не цікавы.

- Так што ў гэтай сітуацыі ты параіш рабіць беларусам, якія хочуць пераменаў?

- Я параю чакаць зручнага моманту і рыхтаваць сілы. Відавочна, што непазбежны эканамічны і палітычны калапс рэжыму Лукашэнкі - і менавіта ў гэты момант трэба супраць яго выступіць.

- У сувязі з гэтым, якія твае планы на будучыню? 12 верасня будзе праводзіцца з'езд «Маладога Фронту» і тваё імя ў спісе тых, хто прапануецца ў Сейм арганізацыі. Збіраешся ты ў будучыні ўдзельнічаць у працы «Маладога Фронту», палітычным жыцці Беларусі?

- Я быў маладафронтаўцам і ім застаюся, а таксама звязваю свае планы з Беларуссю. Я ўпэўнены, што Расейска-ўкраінская вайна - гэта тое, дзякуючы чаму разваліцца Расія, і Беларусь не можа застацца ў баку ад гэтага працэсу. Таму я перакананы, што мой досвед і мая дапамога, як дапамога ўсіх беларускіх добраахвотнікаў на гэтай вайне, яшчэ спатрэбіцца Беларусі. Для гэтага ўсе мы тут і знаходзімся, каб потым паслужыць Беларусі.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках