Аляксандра Макаева вывелі з форума прадпрымальнікаў за заклік да мітынгу
38- 11.01.2016, 14:15
- 35,996
Прадпрымальніка ды грамадскага актывіста Аляксандра Макаева вывелі з залы, дзе праходзіць «антыкрызісны форум».
Больш за тысячу прадпрымальнікаў сабраліся на «антыкрызісны форум» у гатэлі «Беларусь» у Менску.
У зале назіраўся напал жарсцяў, паведамляе карэспандэнт «Нашай Нівы».
Святлана Калачова з Гомеля ад «імя ўсіх ІП» звярнулася да Лукашэнкі:
«Мы, індывідуальныя прадпрымальнікі не можам праводзіць з 1 студзеня сваю дзейнасць. У нас няма магчымасці пераходзіць на новую сістэму. Як можна параўноўваць супермаркеты ды індывідуальных прадпрымальнікаў? ІП засталіся без сродкаў».
Прадпрымальнік Аляксандр Макаеў прапанаваў дзейнічаць больш рашуча і 18 студзеня правесці мітынг пратэсту прадпрымальнікаў на Кастрычніцкай плошчы. У адказ Анатоль Шумчанка прапанаваў вывесці Макаева з залы.
Дужыя мужчыны пайшлі гэта выконваць.
«Гэта нізка», - сказаў Шумчанка.
Мужчына з залы выгукнуў: «У фае вялікая колькасць правакатараў, якія заклікаюць на вуліцу. Гэта робіцца пад карцінку».
Шумчанка адказвае: «Ну дык хай яны самі і ідуць». «Гэта правакатары і падонкі», - дадаў Шумчанка.
Нагадаем, што з 1 студзеня 2016 года беларускія ІП масава спынілі гандаль. З гэтай даты, згодна з указам Лукашэнкі, прадпрымальнікі не змогуць прадаваць тавары лёгкай прамысловасці, увезеныя з краін Мытнага саюза, без сертыфікатаў. Да 1 студзеня 2016 года ім надавалася права рэалізаваць рэшткі тавараў, увезеных да 1 ліпеня 2014 года ў Беларусь без суправаджальных дакументаў, паводле зарэгістраваных у падатковых органах вопісаў рэшткаў.
З пачатку студзеня 2016 года на пустуючых рынках і ў гандлёвых цэнтрах Беларусі праходзяць стыхійныя мітынгі прадпрымальнікаў.