Расея бярэ паўзу ў крэдытаванні іншых краін
30- 18.01.2016, 11:39
- 33,895
Расея ва ўмовах бюджэтных абмежаванняў вымушаная сёлета ўзяць паўзу ў выдаванні новых крэдытаў замежным пазычальнікам.
Пра гэта РІА «Новости» расказаў намеснік міністра фінансаў Расеі Сяргей Сторчак.
«На сённяшні дзень, я мяркую, што шанцаў ва ўрада прыняць пастанову аб выдачы новых крэдытаў вельмі мала. Бюджэт напружаны, больш чым напружаны. Я думаю, што мы аб'ектыўна знаходзімся ў сітуацыі, калі вымушаныя будзем ўзяць паўзу з пункту гледжання прыняцця абавязанняў у новых крэдытах», - сказаў ён.
З яго слоў, у цяперашніх бюджэтных умовах прыняцце новых абавязанняў у выдачы крэдытаў замежным пазычальнікам спалучана з падвышанымі рызыкамі і з рызыкамі выканання гэтых абавязанняў у будучыні.
Пры гэтым намеснік міністра падкрэсліў, што ўсе прынятыя раней абавязанні Расея выканае. «Мы дастаткова шмат падпісалі ў мінулым годзе крэдытных пагадненняў. Мы прынялі на сябе буйныя абавязанні. А не выканаць абавязанні ў выдачы крэдытаў - гэта яшчэ больш ганебна, чым не выканаць абавязанні ў крэдытах, якія ўзялі. Большага сораму для любога крэдытора няма», - сказаў ён.
Адказваючы на пытанне аб магчымасці выдачы крэдыту Ірану на $5 млрд., які цяпер абмяркоўваюць бакі, Сторчак прызнаў, што такое пагадненне пакуль не падпісанае. «Ідуць перамовы. Паміж перамовамі і прыняццем абавязанняў - дыстанцыя», - сказаў ён.