16 снежня 2024, панядзелак, 12:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Іранская нафта супраць беларускай эканомікі

7
Іранская нафта супраць беларускай эканомікі
Фота з сайта ROOYKARD.IR

Кошты нафты адчувальна абрынуліся пасля таго, як ЗША і ЕЗ знялі з Ірана эканамічныя санкцыі.

Афіцыйны Менск на гэтым фоне не губляе аптымізму і спадзяецца на нарошчванне супрацоўніцтва з іранскім партнёрам, піша БДГ.

Іранская гісторыя

Першыя санкцыі былі ўведзеныя супраць Ірана яшчэ ў 1979 годзе. У 2005 годзе меры былі больш жорсткімі пасля таго, як урад тагачаснага прэзідэнта Махмуда Ахмадзінежада прыняў пастанову раскансерваваць праграму ўзбагачэння ўрану. У красавіку 2015 была прынятая пастанова аб скасаванні санкцый, а ў чэрвені было дасягнутае пагадненне: іранская ядзерная праграма абмяжоўваецца мірнымі мэтамі і будзе весціся пад міжнародным кантролем, у абмен з краіны будуць знятыя санкцыі.

16 студзеня санкцыі сапраўды былі скасаваныя. Праўда, часткова. ЗША і ЕЗ захавалі абмежаванні на продаж зброі, акрамя таго, санкцыі знятыя не з усіх іранскіх дзеячаў і арганізацый. Аднак і гэтага дастаткова, каб афіцыйны Тэгеран атрымаў доступ да сваіх раней замарожаных рахункаў і змог нарасціць здабычу нафты. Пасля гэтага кошты нафты маркі Brent абрынуліся ніжэй за 28 даляраў за барэль. Чакаецца, што Іран будзе нарошчваць экспарт вуглевадародаў.

Беларускі аптымізм

«У Беларусі з аптымізмам ацэньваюць пачатак практычнай рэалізацыі Сумеснага ўсёабдымнага плана дзеянняў паміж Іранам і «шасцёркай» міжнародных пасярэднікаў па іранскай ядзернай праграме (Вялікабрытанія, Нямеччына, Кітай, Расея, ЗША, Францыя)», - заявілі ў МЗС Беларусі 18 студзеня.

Паводле звестак установы, Беларусь падтрымлівае намаганні «ў зняцці санкцый з Ісламскай Рэспублікі Іран».

«Зняцце санкцый у дачыненні да Ірана адкрывае новыя перспектывы для далейшага развіцця беларуска-іранскага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва», - абмалявалі эканамічныя перспектывы ў МЗС.

«Галоўнае, каб МЗС не блытаў надзеі з ілюзіямі»

Не бачыць прычын для аптымізму ў дачыненні да беларускай эканомікі пасля зняцця санкцый эканаміст Леанід Злотнікаў. «Галоўнае цяпер тое, што Іран хоча заняць сваё месца на рынку нафты. А для эканомікі Беларусі гэта дрэнна», - заявіў Злотнікаў. З ягоных слоў, гандаль паміж дзвюма краінамі - «не такі ўжо вялікі». Экспэрт нагадаў, што раней Менск і Тэгеран спрабавалі рэалізаваць шэраг сумесных праектаў: здабыча нафты ў Іране, вытворчасць аўтамабіляў «Саманд» - але поспехам яны не ўвянчаліся. Няма, на думку Леаніда Злотнікава, і надзеі на продаж узбраення. «Спробы былі, і яны не прыносілі карысці. З таго часу нічога не змянілася. Беларуская эканоміка, наогул, - не вельмі паспяховая і дома, і за мяжой», - сказаў на заканчэнне эканаміст.

Не зусім з ім згодны міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі. «У пэўнай ступені» прычыны для аптымізму ёсць, мяркуе ён. «Адзін з банкаў - «Гандлёвы банк» з іранскім капіталам быў «прытупіўся» менавіта праз санкцыі, - нагадаў ён. - Іншае пытанне, ці будзе адноўленая яго праца».

Пры гэтым, на думку экспэрта, Ірану будзе зараз не да Беларусі. «Пасля зняцця санкцый у Ірана куды больш амбіцыйныя планы. Еўропа чакае ад яго стварэння альтэрнатыўных расейскім паставак нафты і газу», - адзначыў Якаўлеўскі.

Міжнародны аглядальнік нагадаў пра тое, што ў Беларусі знаходзяцца два найбуйнейшых у Еўропе нафтаперапрацоўчыя заводы. Ён мяркуе, што тут таксама могуць быць прычыны для аптымізму. «Іншае пытанне, як гэта нафта будзе дастаўляцца з Ірана. Праз Украіну? Акрамя таго, Масква не будзе гуляць у гэтым пытанні ролю назіральніка», - падкрэсліў экспэрт. Галоўнае, каб беларускі МЗС «не блытаў надзеі з ілюзіямі», заключыў Якаўлеўскі.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках