2 траўня 2024, Чацвер, 10:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кастусь Жукоўскі: Улады не развязваюць праблемы, а крайнімі робяць журналістаў

4
Кастусь Жукоўскі: Улады не развязваюць праблемы, а крайнімі робяць журналістаў
Кастусь Жукоўскі
ФОТА: «Радыё Свабода»

Суд Кармянскага раёна Гомельскай вобласці прызнаў фрылансера Канстанціна Жукоўскага вінаватым у парушэнні артыкула 22.9 КаАП.

Журналіст аштрафаваны на 30 базавых велічынь, што складае 6,3 мільёна рублёў, піша БелаПАН.

Канстанціну Жукоўскаму ставілася ў віну, што ён у лістападзе 2015 здымаў відэа пра сацыяльныя праблемы жыхароў Кармы - праблемы з водазабеспячэннем. Пасля сюжэт быў прадэманстраваны па спадарожнікаваму тэлеканалу «Белсат». Міліцыя склала на фрылансера адміністрацыйны пратакол. У дакуменце адзначалася, што Жукоўскі, не маючы акрэдытацыі ў якасці журналіста замежнага сродку масавай інфармацыі, незаконна вырабіў прадукцыю СМІ.

«На судзе супраць мяне сведчыла выканаўца абавязку начальніца аддзела ідэалагічнай працы, культуры і спраў моладзі Кармянскага райвыканкама Таццяна Веркеенка. Праз яе ж званок у лістападзе нас у Карме затрымлівала міліцыя. На судзе я казаў, што маю права здымаць відэа і зарэгістраваны як індывідуальны прадпрымальнік з правам такой дзейнасці. Ідэолаг жа на судзе сцвярджала, што калі я здымаю на «вялікую камеру», то павінен мець акрэдытацыю», - распавёў фрылансер падрабязнасці працэсу.

На судзе ён прыводзіў довады, што ён не мог вырабіць прадукцыю СМІ, бо гэтым займаюцца рэдакцыі, у штаце якіх ён не з’яўляецца, і што паводле Канстытуцыі мае права атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю.

Пакаранне штрафам Жукоўскі расцэньвае як пераслед з боку ўладаў за сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю. «Журналістаў караюць за тое, што яны кажуць праўду пра сітуацыю ў Беларусі. Сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў краіне ўсё горшая, а ўлады не развязваюць праблемы, а шукаюць крайніх, якімі робяць журналістаў. Я і далей буду рабіць сваю справу - пакуль не пачнуць расстрэльваць», - падкрэсліў фрылансер.

18 студзеня Жукоўскі атрымаў поштаю пастанову суда Калінкавіцкага раёна аб тым, што прызнаны правапарушальнікам і аштрафаваны на 35 базавых велічынь, што складае 7,35 мільёна рублёў, таксама за «незаконны выраб прадукцыі СМІ». За 2015 агульная сума штрафаў, якія суд наклаў на Жукоўскага за журналісцкую дзейнасць, склала 31,5 мільёна рублёў.

У студзені таксама аштрафаваная на 22 базавыя велічыні (4,62 мільёна рублёў) за прафесійную дзейнасць гомельская журналістка Ларыса Шчыракова. Журналістку прызналі вінаватай у парушэнні арт. 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ). Прычынай таксама стала праца на замежнае СМІ без акрэдытацыі.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках