21 снежня 2024, Субота, 16:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

АБСЕ аб «выбарах» у Беларусі: укінутыя бюлетэні і непразрысты падлік

28

АБСЕ запатрабавала ўсёабдымнай рэформы заканадаўства Беларусі на аснове папярэдніх рэкамендацый.

Пра гэта гаворыцца ў справаздачы БДІПЧ АБСЕ паводле вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 11 кастрычніка 2015 года, апублікаванай сёння на сайце арганізацыі (пераклад - tut.by).

Агулам тэкст дакумента паўтарае папярэднюю заяву, зробленую еўрапейскімі назіральнікамі 12 кастрычніка 2015 года.

Акрамя гэтага, у выніковай справаздачы з'явіліся новыя папрокі на адрас «выбараў» 2015 года ў Беларусі.

Сярод іх:

- ЦВК не публікаваў агульную колькасць надрукаваных і выдадзеных бюлетэняў;

- На пяці ўчастках пасля ўскрыцця скрыняў у іх былі заўважаныя стосы бюлетэняў, - што, на думку назіральнікаў АБСЕ, сведчыць аб укідваннях;

- Яшчэ на пяці ўчастках ўкідванні бюлетэняў зафіксавалі непасрэдна падчас падліку галасоў;

- На кожным пятым участку, дзе былі назіральнікі АБСЕ, падчас падліку галасоў не праводзіліся належныя крыжаваныя зверкі лічбаў у пратаколах;

- Паводле выніку падліку галасоў траціна назіральнікаў паведамілі пра «сур'ёзныя працэдурныя памылкі або недагляд, уключаючы фальсіфікацыю вынікаў выбараў»;

- У 33 з 133 тэрытарыяльных выбаркамаў (ТВК) працэс зверкі вынікаў галасоў быў ацэнены назіральнікамі негатыўна, у 77 ТВК - назіральнікам абмежавалі магчымасці працы;

- Некаторыя з ТВК адклалі звядзенне вынікаў на наступны дзень «без пэўных на тое прычын»;

- ЦВК не апублікаваў звесткі аб выніках з разбіўкай па выбарчых участках, тым самым «абышоўшы галоўную гарантыю празрыстасці выбараў і падарваўшы грамадскі давер да іх»;

- На 7% участкаў чальцоў місіі АБСЕ абмежавалі ў магчымасці назіраць за галасаваннем, на 6% - чальцы ўчастковых камісій не супрацоўнічалі з назіральнікамі ў належнай ступені, на кожным трэцім участку назіральнікам стваралі перашкоды для працы падчас падліку галасоў.

У справаздачы АБСЕ таксама даецца 13 прыярытэтных і 17 дадатковых рэкамендацый.

Сярод прыярытэтных:

- Усёабдымная рэформа заканадаўства на аснове папярэдніх рэкамендацый АБСЕ.

- Унесці ў Выбарчы кодэкс змены, якія б забяспечылі празрыстасць фармавання выбаркамаў, праверкі подпісаў, сабраных за кандыдатаў, датэрміновага і выязнога галасавання, захаванне правоў назіральнікаў, сумленнага падліку галасоў і зверкі вынікаў выбараў.

- Усе абмежаванні правоў чалавека і асноўных свабодаў павінны ўжывацца толькі ў парадку выключэння.

- Перагледзець адміністрацыйны парадак фармавання выбаркамаў, уключаць у іх склад на ўсіх узроўнях прадстаўнікоў кандыдатаў на выбарах.

- Забяспечыць выразны падзел інтарэсаў дзяржавы і ўдзельнікаў выбараў, роўнае стаўленне да ўсіх кандыдатаў і няўдзел чыноўнікаў і фінансаваных з бюджэту арганізацый у выбарчай гонцы.

- Перагледзець правілы акрэдытацыі журналістаў і даць магчымасць беларускім журналістам працаваць для замежных СМІ, а таксама - даць магчымасць працы ў краіне беларускім СМІ, якія знаходзяцца за мяжой.

- Пашырыць склад Назіральнай рады ў кантролі за агітацыяй у СМІ да уключэння ў яе прадстаўнікоў Беларускай асацыяцыі журналістаў, каб забяспечыць бесстароннасць працы гэтай назіральнай структуры.

- Даць права кожнаму выбаршчыку абскардзіць усе пастановы, дзеянні і бяздзейнасць органаў, адказных за правядзенне выбараў, калі яны парушылі правы гэтага выбаршчыка.

- Грамадзяне і міжнародныя назіральнікі павінны мець магчымасць бесперашкодна назіраць за ўсімі стадыямі выбарчага працэсу. У назіральнікаў павінна быць права азнаёміцца са спісамі выбаршчыкаў і атрымліваць завераную копію выніковых пратаколаў.

- Перагледзець сістэму датэрміновага галасавання.

- Увесці і на практыцы забяспечваць празрыстыя працэдуры падліку галасоў, паказваць і агучваць змесціва кожнага бюлетэня.

- Публікаваць вынікі выбараў з разбіўкай па ўчастках.

- Цалкам расследаваць усе паведамленні аб сур'ёзных парушэннях, прыцягваць да адказнасці датычных да такіх парушэнняў.

28 студзеня з двухдзённым візітам у Менск прыбыў дырэктар БДІПЧ АБСЕ Міхаэль Георг Лінк. Запланаваны шэраг сустрэч з беларускімі чыноўнікамі, у тым ліку з прадстаўнікамі Цэнтрвыбаркама. Паводле непацверджанай інфармацыі, Лінк выдасць суразмоўцам выніковую справаздачу БДІПЧ АБСЕ.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках