Указ №222: Рынкі апусцелі, прадпрымальнікі чакаюць пастановы ўладаў
21- 5.01.2016, 20:50
- 36,436
Многія прадпрымальнікі спынілі працу. У залежнасці ад рынкаў на працу не выйшлі 70-90% гандляроў.
Гэта звязана з тым, што з 1 студзеня 2016 года канчаткова ўвайшоў у дзеянне ўказ №222, які забараняе гандляваць таварам без накладных і сертыфікатаў. Чыноўнікі рабілі некалькі крокаў насустрач прадпрымальнікам: напрыклад, падоўжылі тэрмін, калі можна было гандляваць рэшткамі несертыфікаванага тавару, знялі абмежаванні на колькасць гандлёвых пунктаў, дазволілі наймаць на працу не толькі сваякоў. Іпэшнікам далі зразумець: з пачатку года ўказ пачне працаваць, падабаецца гэта ім ці не. Так і здарылася.
Журналісты «Нашай Нівы» знялі стан менскіх рынкаў на сёння:
Пакуль большасць прадпрымальнікаў проста сышлі з рынкаў.
«Не ведаю, што з гэтым рабіць», - паказвае свой тавар Наталля, якая гандлюе на Чэрвеньскім рынку сталіцы амаль два гадф. Яе працоўнае месца закрытае, жанчына прыехала не гандляваць, а падлічыць рэшткі. Указам яна незадаволеная.
«Купіць тавар у Беларусі вельмі дорага - зімовая шапка з сертыфікатам каштуе 150-280 тысяч, - абураецца яна. - І гэта толькі закупкавы кошт! А раней мы такім коштам прадавалі самі».
Жанчына сцвярджае, што раней іпэшнікі накручвалі блізу 50% ад закупкавых коштаў. «Людзям не патрэбныя гэтыя сертыфікаты, ім трэба проста купіць танней», - кажа Наталля.
«Пачынаючы з 1990-х пакупнікоў усё задавальняла! Тым больш мы таксама імкнемся не браць гэты «кепскі падвал» з Масквы, а едзем у Турцыю, Кітай, - кажа ейная калега, Алена, якая гандлюе дзіцячымі рэчамі. - А вось сёння чамусьці раптам трэба ўсё мяняць».
Алёна, у адрозненне ад суседкі, працуе, бо гандлюе беларускай прадукцыяй і таварам з сертыфікатамі. Але і яна не задаволеная: «На беларускіх базах няма выбару. А мне трэба даць выбар пакупніку. А як?».
Са слоў жанчын, апошнія месяцы яны працавалі за шэлегі, не выходзіла зарабіць і $500. На пытанне, чаму тады далей гандлюе, Алена адказвае так: «А куды тавар падзець? Я ж у яго ўклала грошы».
Пры гэтым, нягледзячы на абурэнне, жанчыны кажуць, што пратэставаць нікуды не пойдуць, бо не бачаць у гэтым сэнсу.
Праўда, існуе і адваротнае меркаванне - што не ўсё так дрэнна.
«Увесь мой тавар мае сертыфікаты. І кошты не выраслі. Бо я рыхтаваўся два гады - шукаў пастаўшчыкоў», - кажа мужчына, які папрасіў падпісаць яго «прадпрымальнік Іваноў».
«Іваноў» гандлюе мужчынскімі джынсамі і сарочкамі. Ён кажа, што, як і раней, працаваць можна. «Я працую з праверанымі фірмамі. Нешта не магу прывезці, але гэта не крытычна. А астатнім проста лянота варушыцца, нешта шукаць. Шмат каму лянота праверыць, што за паперы ім даюць - чалавек атрымлівае сертыфікат, а там тэрмін - студзень 2015», леташні. Гэта звычайная чалавечая лянота, - кажа мужчына. - Хто хацеў, той зрабіў усё нармальна. Зразумейце, што 80% закрыліся, але гэтыя 80% заўсёды былі пасіўнай масай. Яны не ездзяць на форумы, яны нічога не робяць».
Праўда, адзначае мужчына, каб падрыхтавацца, яму спатрэбіўся і спрыт, і грошы. А сярод ІП стае і людзей паджылых. І тут ужо пытанні да беларускіх аптовых баз, якія ўлады абяцалі адкрыць, кажа ён.
«Бо на гэтых базах - завышаныя кошты, і браць тавар там не выгадна», - кажа «Іваноў».
Такая ж сітуацыя і на астатніх рынках сталіцы і краіны.
«Непасрэдна ў нас амаль 80% тых, хто гандлюе адзеннем, зачыніліся. Скажам так, ўзялі паўзу. Яны часткова аплачваюць працоўныя месцы, чакаюць, што будзе далей», - каментуе Генадзь Фінскі, дырэктар Чэрвеньскага рынку.
Фінскі кажа, што пастановы павінны быць прынятыя як мага хутчэй. Інакш сам рынак як прадпрыемства спыніць сваё існаванне. «Нас таксама гэты ўказ не задавальняе. Але што зробіш. Мы з Беларускім саюзам прадпрымальнікаў падрыхтавалі праект захадаў для развязання сітуацыі, - кажа ён. - Пры гэтым мы прыватнае прадпрыемства. Самі бралі валютны крэдыт, каб падрыхтаваць гэтую пляцоўку... І магу сказаць, што калі праект указа найбліжэйшым часам не будзе зменены, то мы, арганізацыя «Чэрвеньскі рынак», будзем падаваць на банкруцтва, бо не зможам аплачваць рахункі».
Са слоў Фінскага, прадпрымальнікі чакаюць, што канчатковы адказ ім дадуць у студзені.