Пад Менскам сутыкнуліся шэсць аўтамабіляў
1- 16.10.2016, 16:15
- 11,478
Удзельнікамі ДТЗ сталі адразу тры Volkswagen Passat.
Шэсць легкавых аўтамабіляў сутыкнуліся недалёка ад Менска 15 кастрычніка, паведаміў БелТА начальнік аддзялення агітацыі і прапаганды ДАІ УУС Менаблвыканкама Алег Цюрын.
Паводле ягоных слоў, маштабнае ДТЗ адбылося напярэдадні аб 11.30 на 17-м кіламетры аўтадарогі Менск-Маладзечна-Нарач. Яго ўдзельнікамі сталі адразу тры Volkswagen Passat, Audi, Subaru і Kia.
«Паводле папярэдняй версіі, кіроўцу Volkswagen нешта перашкодзіла прадоўжыць рух на ранейшай хуткасці, ён прытармазіў, а следам, не трымаючы дыстанцыю, ехаў яшчэ адзін Passat. Прычынай гэтага ДТЗ, хутчэй за ўсё, стала элементарнае невыкананне кіроўцамі дыстанцыі паміж транспартнымі сродкамі», - выказаў меркаванне Цюрын.
Іншыя чатыры самаходы «далучыліся» да ўжо існага ДТЗ, сутыкнуўшыся паводле прынцыпу «паравозік».
У выніку непаўналетняя дзяўчынка 2005 года нараджэння, якая ехала ў Subaru, са слоў кіроўцы, была прышпіленая, атрымала нязначныя цялесныя пашкоджанні. Несур'ёзныя траўмы таксама атрымаў пасажыр самахода Kia, які трапіў у ДТЗ апошнім.
«У той жа час у Subaru ехала дзіця 2012 года нараджэння, яно знаходзілася ў адмысловым крэсле і ніякіх цялесных пашкоджанняў не атрымала», - падкрэсліў Цюрын.
Паводле факту ДТЗ праводзіцца праверка. У сувязі з пагаршэннем варункаў надвор'я начальнік аддзялення агітацыі і прапаганды ДАІ УУС Менаблвыканкама нагадвае, што кіроўцам трэба зніжаць хуткасць руху, павялічваць дыстанцыю з іншымі аўтамабілямі, быць максімальна ўважлівымі.