Не выпрасіўшы крэдыт у МВФ, Лукашэнка назваў рэформы «бандыцкімі»
148- 7.10.2016, 12:55
- 24,190
Лукашэнка выступіў сёння перад ранейшымі і новымі «палатачнікамі».
Дыктатар пачаў размову з крызісу і рэформаў, правядзення якіх сёння ад яго патрабуе Міжнародны валютны фонд. Мяркуючы з ягонай рэакцыі, у крэдыце пакуль адмоўлена.
- Я гатовы да ўсякіх рэформаў. Прэзідэнт гатовы да самых жорсткіх рэформаў, больш жорсткіх, чым МВФ сёння патрабуе. Пытанне ў іншым - ці гатовыя вы да іх? Я звяртаюся да вас, прадстаўнікоў народа. Спытайце ў кожнага, ці гатовы ён да рэформаў.
Лукашэнка распавёў, што глядзеў дэбаты па тэлевізіі з удзелам «так званай апазіцыі».
- Яны паўтараюць: рэформы, рэформы, рэформы. Я гляджу - ну, журналісты, спытайце, што яны разумеюць пад рэформамі...Вы б паглядзелі: захлёбваючыся плаваюць і ўсе па-рознаму адказваюць. Гэта сведчыць аб тым, што нахапаліся дзесьці і нясуць у народ.
Лукашэнка перакананы, што апазіцыя хоча зламаць існы грамадска-палітычны лад краіны.
- Яны хочуць правесці рэформы паводле сваіх шаблонаў, гэта значыць па-бандыцку. Гэта значыць, прыватызацыя і дзяльба дзяржуласнасці для сваіх сваякоў, паплечнікаў. Платную адукацыю і ахову здароўя, што па кішэні толькі багачам.
Лукашэнка мяркуе, што калі падняць тарыфы жыллёва-камунальных паслуг, то гэта прывядзе да вялікай колькасці неаплатаў.
- Што мы атрымаем у выніку? Мы аблегчым камусьці жыццё ў краіне? Дык навошта ламаць сёння існы стан рэчаў, калі рэформы нічога не даюць, лепш не становіцца? Я мяркую - не трэба, калі трэба - новы парламент выкажацца.
Аб сфальсіфікаваных «выбарах»
Са словаў дыктатара, «парламенцкія выбары» выявіліся для Беларусі сур'ёзным выпрабаваннем, бо праходзілі ў вельмі няпростых варунках.
«У першую чаргу таму, што нам трэба было разбурыць прадузятасць, якая склалася ў заходніх краінах, быццам у Беларусі падчас усенароднага галасавання не выконваюцца дэмакратычныя нормы. Праўда, да цяперашняга часу гэтыя дэмакратычныя нормы ніхто не вызначыў, - заўважыў беларускі дыктатар. - Таму ўвесь выбарчы працэс быў пад пільным наглядам шматлікіх замежных назіральнікаў, якіх мы запрасілі як з Захаду, так і з Усходу».
Паводле ягоных слоў, беларускі бок з удзячнасцю прыняў ад замежных калегаў «канструктыўныя рэкамендацыі», якія тычацца ўдасканалення выбарчага заканадаўства.
Нагадаем, назіральнікі АБСЕ не прызналі парламенцкія выбары ў Беларусі свабоднымі і дэмакратычнымі, а беларускія ўлады адмовіліся ўнесці рэкамендацыі АБСЕ ў выбарчае заканадаўства.
Пра лес і партызан
«Мы павінны забыць выраз «свой – чужы», «вораг – сябар». Мы павінны ў замежнай палітыцы з нашымі магчымасцямі і рэсурсамі дзейнічаць настолькі асцярожна і акуратна, каб не ўзлаваць краіны, тым больш, суседзяў, - заявіў Лукашэнка. - Мы пераможам толькі ад таго, калі будзем праводзіць нармальную ўзважаную палітыку. Таму што мы знаходзімся ў эпіцэнтры тых падзей, якія сёння вакол нас разгортваюцца».
«Навошта нам сёння браць стрэльбу і ісці ў лес, у балота, у партызаны? Нам гэта не трэба. Таму думаць такім чынам, што там на Захадзе сябры, а Расея - вораг, - гэта па-дурному і недальнабачна», - сказаў Лукашэнка.
Пра «залішнюю» беларусізацыю
«Можа, я састарэў, але расейцы - гэта нашы браты, з якімі мы жылі і жывем даўно, - сказаў Лукашэнка. - Яны абвяшчаюць розную палітыку і дзейнічаюць часам, не ў унісон з дзеяннямі свайго народа. Ёсць там такія людзі, вы іх ведаеце. Але я кажу пра расейскі народ, пра расейцаў, якія любяць беларусаў».
Зыходзячы з гэтага, дыктатар падкрэсліў небяспеку імкнення знішчыць расейскую мову і культуру ў Беларусі і сказаў, што «трэба цяміць, перш чым казаць «далоў расейскую культуру».
Гаворачы аб расейскай культуры, Лукашэнка задаў рытарычнае пытанне: навошта выкідваць тое, у што цэлае пакаленне беларусаў уклала свой розум, памкненні і спадзяванні.
«Беларуская мова і культура, напэўна, на траціну і наша. Тады можна сказаць, што і ў Расеі таксама шмат народнасцяў, аж да якутаў і Чукоткі. Але нідзе мы не чулі, што яны не павінны развіваць сваю мову. А то некаторыя дамарослыя знаўцы на ўсходзе пачынаюць нас папракаць у залішняй беларускасці. Што за глупства? Мы нацыя, а ў кожнай нацыі ёсць свае прыкметы. І галоўнае, акрамя тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэннасці, - гэта мова. Чаму мы павінны адмовіцца ад беларускай мовы? Але тым, хто выступае за беларускую мову і супрацьпастаўляе яе расейскай, папракае, што мы на ёй не размаўляем, - пашкадуйце! ..», - сказаў ён.
Пра падкантрольныя партыі
«Я абсалютна не супраць узрастання ролі партый, але не штучна і не на ніве антаганізму з уладамі», - заявіў беларускі дыктатар. Ён адзначыў, што сёння прадстаўнікі «апазіцыі» ужо ёсць у «парламенце».
«Чаму ж не перамагла апазіцыя? Чаму так мала іх прадстаўнікоў у «парламенце»? (Шчыра скажу: я б хацеў, каб было больш - толькі таму, каб не папракалі ўжо нас у гэтым.) Адказ просты: ужо вельмі далёкая наша апазіцыя ад інтарэсаў народа. І той, хто апынуўся бліжэй да гэтых інтарэсах (хто сапраўды апазіцыянер, а не вораг таго, што робіцца ў краіне), той трапіў у «парламент». І потым, наш народ ужо казкамі пра шыкоўнае заморскае жыццё не падманеш». Лукашэнка сцвярджае, што «перамога» некалькіх «праўдзіва апазіцыйна думаючых» дэпутатаў выклікала ў кіраўніцтва іх партый сапраўдны перапалох.
«Паўстае пытанне, а яны наогул хочуць узяць уладу ў свае рукі? І ці ведаюць яны, што рабіць, калі гэтая ўлада апынецца ў іх руках?» - паставіў пытанні дыктатар. «Паверце, я іх ведаю. Яны не ведаюць, што рабіць. І ў гэтыя рукі я, як кіраўнік дзяржавы ніякую ўладу аддаць не магу. Але я буду дзейнічаць далікатна, акуратна, згодна з нашай Канстытуцыяй», - падкрэсліў дыктатар.
Пра «сядзенне на двух крэслах» у замежнай палітыцы
«Мы не балансуем, не сядзім на двух крэслах, як некаторыя спрабуюць сцвярджаць. Мы вымушаныя праводзіць такую палітыку, каб нікога не пакрыўдзіць, нікому не нашкодзіць, каб выстаяць і каб зноў не стаць якой-небудзь правінцыяй. Гэта што, няправільны пункт гледжання? Гэта не мая выдумка, гэта - увасабленне ідэй і спадзяванняў усяго беларускага народа», - заявіў Лукашэнка.
«І не трэба нас папракаць, што мы, маўляў, балансуем недзе там і спрабуем сядзець на двух ці трох крэслах. Нічога падобнага. Мы робім усё для таго, каб зберагчы краіну і народ на гэтым кавалку зямлі. Вось і ўся палітыка», - падкрэсліў дыктатар. Ён адзначыў: «Мы гатовыя супрацоўнічаць з усімі ў імя гэтага. Але трэба разумець, калі нас нахілілі і ўвялі санкцыі, мы выстаялі. Прайшоў час, і Захад скасаваў санкцыі».
«Разам з расейскім народам будзем абараняць агульную Айчыну на заходнім кірунку»
«Беларускае войска аснашчанае самай сучаснай зброяй і здольнае даць адпор усякаму агрэсару. У сувязі з гэтым мы можам казаць аб поўнай мадэрнізацыі нашага войска, мы яе практычна скончылі. Мы яе прыстасавалі да тых магчымых войнаў, якія могуць быць развязаныя супраць нашай дзяржавы - ад барацьбы ў інфармацыйнай прасторы да гарачай вайны. Але вы павінны разумець, што ўсё, што я кажу, - гэта каб не было вайны. Мы не будзем лязгаць зброяй дзеля нейкай крутасці», - адзначыў Лукашэнка.
«Мы не хочам увязвацца ні ў якія міжнародныя канфлікты. Таму не будзем ваяваць у Сірыі: для нас гэта немагчыма, ды і не трэба. Але мы перажываем за сірыйскі народ, надаём і будзем надаваць сірыйцам пасільную дапамогу. Мы ва Украіну на танках не паедзем, мы на трактарах туды паедзем. Гэта нашы браты, гэта славянскае адзінства, якое нікому не дазволена разбурыць», - сказаў правадыр. «Мы разам з расейскім народам, расейцамі, будзея абараняць агульную Айчыну тут, на не менш важным для Расеі заходнім кірунку», - падкрэсліў дыктатар.
Дыктатар сабраўся зноў мяняць Канстытуцыю
Лукашэнка не выключае магчымасці карэкціроўкі Канстытуцыі Беларусі ў адпаведнасці з «патрабаваннем часу».
Са словаў дыктатара, тэмп жыцця настолькі высокі, што трэба стала трымаць руку на пульсе і своечасова рэагаваць на ўсе змены, каб не адстаць.
«Свет імкліва змяняецца. Мы павінны адаптавацца да новых умоў, каб не толькі не страціць занятыя намі нішы, але і знайсці новыя», - адзначыў Лукашэнка.
Ён не выключыў, што наспеў час правесці і аналіз Асноўнага закона краіны.
«Паспрабуем падысці да гэтага пытання з розных бакоў. Акуратна, каб не зрабіць горш, - сказаў дыктатар. - Ці з'явіліся новыя праблемы, выклікі. Ды і час, напэўна, патрабуе чагосьці новага. І пачынаць трэба з галоўнага, калі мы адважымся на гэта. Нам трэба стварыць групу мудрацоў, юрыстаў, якія прааналізуюць Асноўны закон. І калі трэба будзе, мы на гэта пойдзем».
Нагадаем, што раней Канстытуцыя Беларусі ўжо неаднаразова змянялася пад патрэбы Лукашэнкі, дазваляючы яму ўзурпаваць уладу.
«Удушэнне эканомікі»
Лукашэнка пракаментаваў газавую праблему з Расеяй.
«У нейкай ступені лёд крануўся. Сямашка дакладваў, што ёсць нейкія новыя прапановы. Думаю, што прэзідэнт Расеі ўмяшаўся ў гэтае пытанне. Нам біцца праз гэта не варта. Мы людзі разумныя, гатовыя, дзе трэба, адступіць, гатовыя да кампрамісаў. Але гэта трэба рабіць сумленна», - адзначыў Лукашэнка.
Паводле слоў Лукашэнкі, што тычыцца ўзаемадачыненняў з Расеяй, то іх сутнасць палягае ў тым, што беларускі бок імкнецца выбудоўваць усебаковае супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне на раўнапраўнай аснове.
«Аднак не заўсёды гэта атрымліваецца, і часцей за ўсё не з віны Беларусі. Хоць і да нас, вядома, пытанняў шмат», - канстатаваў беларускі дыктатар.
Кажучы аб так званым газавым канфлікце і скарачэнні праз яго паставак у Беларусь расейскай нафты, дыктатар назваў гэтае пытанне складаным. «Газ, у адрозненне ад нафты, на сусветных рынках не каціруецца, ён прывязаны да нафты. Нафта была дарагой - $120 за барэль, дарагі быў і газ, - растлумачыў ён. - І ў гэтых варунках мы ўклалі пагадненне і перанеслі сутнасць беларуска-расейскага пагаднення на Еўразійскі эканамічны саюз».
«Мы павінны мець раўнапраўную аснову супрацоўніцтва. Калі яе няма, удушэнне эканомікі, - падкрэсліў Лукашэнка. - Упала нафта, прытым істотна, падае і газ. І сёння, на наша пагадненне аб роўнадаходных коштах, мы павінны купляць газ у Расеі па $70».
Дыктатар адзначыў, што з прычыны гэтага з расейскім бокам вяліся перамовы, прынамсі, у знаходжанні кампраміснага варыянту, і Беларусь пры разліку за пастаўкі газу з пачатку года арыентавалася на кошт $100.
«Нас наважылі пакараць: раз вы нам не даплачваеце, мы вам скароцім пастаўкі нафты. Але нафта ўся не проста пад пагадненнямі, яна ўся закантрактаваная пад пэўны кошт. Немагчыма змешваць пытанні нафтавыя і газавыя», - сказаў дыктатар.
Ён канстатаваў, што ў трэцім квартале гэтага года беларуская нафтаперапрацоўка працуе ў варунках крытычнага ўзроўню забяспечанасці сыравінай. «Што гэта для нафтавікоў? Гэта знішчэнне заводаў. Нафтаперапрацоўчыя заводы - гэта заводы бесперапыннага цыкла, іх нельга не забяспечваць пад завязку нафтай», - дадаў Лукашэнка.