У Менску прынялі стратэгію барацьбы з дэкрэтам аб «дармаедстве»
38- 1.11.2016, 16:45
- 26,222
Прафзвяз радыёэлектроннай прамысловасці прапанаваў комплексную праграму дапамогі беларусам, якія трапілі пад антыканстытуцыйны закон.
У офісе прафзвязу радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) у Менску сёння сабраліся актывісты, праваабаронцы і юрысты з усіх рэгіёнаў Беларусі, каб абмеркаваць як прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці могуць супрацьстаяць нормам сумнавядомага дэкрэта аб «дармаедстве».
«Сустрэчу арганізавалі перш за ўсё для таго, каб выпрацаваць механізм дапамогі людзям. Важна стварыць таксама механізм дзеяння для юрыстаў, - адзначыў у каментары «Радыё Рацыя» старшыня незалежнага прафзвязу РЭП Генадзь Фядыніч: - Народ да канца не ўсвядоміў, што гэта можа тычыцца кожнага, і таго, хто нават сёння працуе. Заўтра кантракт скончыцца, і ты таксама патрапіш пад гэты дэкрэт.
Дзяржава не зрабіла канкрэтных крокаў для стварэння ўмоў, каб людзі маглі працаваць у сябе ў Беларусі і атрымліваць заробак, якога не толькі хапіла б заплаціць падаткі і харчавацца, а і прыстойна жыць.
На сустрэчы прысутнічалі і людзі, якіх закрануў дэкрэт, сярод іх - фрылансеры, рэжысёры і хатнія гаспадыні. Многія з прысутных заклікалі да салідарных дзеянняў за скасаванне дэкрэта №3».
Гэты закон увайшоў у дзеянне 2 красавіка 2015 года. Ён парушае Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь арт.41, Канвенцыю №29 «Аб прымусовай або абавязковай працы» і Канвенцыю №105 «Аб скасаванні прымусовай працы».
Дэкрэт устанаўлівае абавязак грамадзян Беларусі, замежных грамадзян, якія стала жывуць у краіне, і асоб без грамадзянства, якія не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных расходаў або ўдзельнічалі ў такім фінансаванні менш за 183 каляндарныя дні летась, у выплаце збору сумай 20 базавых адзінак.
Нявыплата або няпоўная выплата збору цягнуць накладанне штрафу сумай ад 2 да 4 базавых адзінак або адміністрацыйны арышт з абавязковым прыцягненнем да выканання грамадска-карысных работ.