23 снежня 2024, панядзелак, 23:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Колькі ў Беларусі «дармаедаў» і чаму іх не знайшлі?

38
Колькі ў Беларусі «дармаедаў» і чаму іх не знайшлі?

Паведамленні для выплаты сацыяльнага збору былі накіраваныя 50 тысячам чалавек.

У Беларусі ў апошнія тыдні актывізавалася абмеркаванне тэмы мэтазгоднасці барацьбы з «дармаедамі». Калі ў дачыненні да іх уводзіўся падатак, дзяржава заяўляла, што ў краіне 400-500 тысяч «дармаедаў», але па факце падатковым органам удалося знайсці толькі 50 тысяч асобаў, якім загадана выплаціць спецыяльны збор, пішуць naviny.by.

Колькі ў Беларусі на самой справе дармаедаў і ці варта было гэтых людзей наогул абкладаць падаткам?

Паўмільёна дармаедаў: як іх лічылі

Да 15 лістапада асобы, якіх дзяржава прызнала «дармаедамі», павінны выплаціць сацыяльны збор на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў. Падатак з «дармаедаў», эквівалентны 20 базавым велічыням або прыкладна 200 даляраў, спаганяецца сёлета ўпершыню. Яго павінны выплаціць асобы, якія не працавалі ў 2015 годзе больш за шэсць месяцаў, і таму, на думку ўладаў, не ўдзельнічалі як падаткаплацельшчыкі ў фінансаванні дзяржвыдаткаў.

Паводле звестак, якія Міністэрства падаткаў і збораў агучыла ў канцы кастрычніка, паведамленні для выплаты згаданага сацыяльнага збору былі накіраваныя 50 тысячам чалавек.

Варта адзначыць, што ў 2013-2014 гг., калі актыўна абмяркоўвалася неабходнасць увядзення гэтага падатку, улады неаднаразова падкрэслівалі, што ў краіне налічваецца амаль паўмільёна «дармаедаў».

Адным з першых аб гэтым заявіў тагачасны прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч, які ацаніў летам 2013 года колькасць «дармаедаў» у 445 тысяч чалавек. Восенню 2014 года Лукашэнка таксама ацаніў колькасць утрыманцаў у 400-500 тысяч і запатрабаваў уцягнуць іх «імем рэвалюцыі ў працу».

На афіцыйным узроўні колькасць і структуру працоўных рэсурсаў у Беларусі ацэньвае Нацыянальны статыстычны камітэт шляхам правядзення выбарачных абследаванняў хатніх гаспадарак у пытаннях занятасці. Нягледзячы на вялікую цікавасць да гэтых звестак з боку даследчых арганізацый, яны яшчэ ні разу не былі апублікаваныя, хоць такія выбарачныя абследавання праводзяцца з 2012 года.

У балансах працоўных рэсурсаў за 2012-2015 гг., з якімі ўдалося азнаёміцца журналістам, прыводзяцца звесткі аб структуры працоўных рэсурсаў Беларусі. З методыкі падрыхтоўкі балансу вынікае, што колькасць незанятых грамадзян у ім ацэньваецца на аснове згаданага выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак.

Дарэчы, менавіта на звесткі балансу працоўных рэсурсаў спасылаўся ў кастрычніку 2014 года Навукова-даследчы эканамічны інстытут Міністэрства эканомікі, які ацаніў тады колькасць «дармаедаў» (асоб, якія не мелі афіцыйных працоўных даходаў) у 404,4 тысячы чалавек.

Баланс працоўных рэсурсаў за 2015 год, якія падрыхтаваў Нацыянальны статыстычны камітэт некалькі месяцаў таму, таксама ўскосна паказвае на тое, што летась у краіне налічваліся сотні тысяч патэнцыйных «дармаедаў».

Так, паводле ацэнкі Нацыянальнага статыстычнага камітэта, акрамя беспрацоўных, якія лічацца ў службах занятасці (41,3 тыс.) яшчэ 202 тысячы з'яўляліся «асобамі, якія не маюць працы, актыўна яе шукаюць і гатовыя прыступіць да яе». Амаль у 60 тысяч чалавек статкамітэт ацаніў асоб, якія ўважаюць, што ў іх няма магчымасці знайсці працу, а таксама тых, якія не маюць неабходнасці або жадання працаваць. Акрамя гэтага, прычыны незанятасці яшчэ 110 тысяч чалавек не вызначаныя.

Як бачым, па метадалогіі Белстата, у краіне налічваюцца сотні тысяч асоб, якія не ўцягнутыя ў легальную эканоміку і патэнцыйна могуць быць аднесены да «дармаедаў». Аднак дзяржава сёння канстатуе, што «дармаедаў» значна менш — Міністэрства падаткаў і збораў паведаміла ў канцы кастрычніка, што паведамленне на выплату сацыяльнага збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў накіраванае 50 тысячам асоб.

Спаганяць гэты збор, папярэджвалі паўтара года таму незалежныя экспэрты, будзе праблематычна, бо прычыны працоўнай незанятасці розныя, і давесці, што чалавек можа працаваць, але не хоча, вельмі складана. Таму кампанію дзяржавы ў барацьбе з «дармаедамі» назіральнікі першапачаткова параўноўвалі з «стральбой у цемру», дакладнасць якой заўсёды невысокая.

Так і атрымалася — замест першапачаткова заяўленых 400-500 тысяч «дармаедаў» дзяржава змагла знайсці толькі дзесятую частку.

Аб неэфектыўнасці барацьбы з «дармаедамі» сведчаць і іншыя звесткі. За час дзеяння дэкрэта аб «дармаедах», які прыняты ў красавіку 2015 года і быў закліканы «стымуляваць працаздольных грамадзян да працоўнай дзейнасці», колькасць занятых у эканоміцы не толькі не павялічылася, але скарацілася. Калі напачатку 2015-га ў эканоміцы было занята 4,5 млн. чалавек, то ў жніўні 2016-га (паводле апошніх апублікаваных звестак) — менш за 4,4 млн.

Падатак, які трэба скасоўваць

Беларускія эканамісты сумняваюцца, што спецыяльны збор у дачыненні да «дармаедаў» акупляе выдаткі дзяржавы ў яго збіранні.

«Паведамленне на выплату гэтага падатку накіраваны 50 тысячам чалавек, але, верагодна, што заплацяць гэты збор далёка не ўсе: у адных выпадках акажацца, што чалавек не жыве па месцы прапіскі, у іншых — што ў яго няма грошай, трэція будуць яго аспрэчваць. Таму з фінансавага пункту гледжання будзе шмат пытанняў, наколькі гэты збор акупіць выдаткі дзяржавы ў яго збіранні», — адзначыла вядучая даследчыца Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Кацярына Барнукова.

З іншага боку, дадала яна, станоўчага эфекту на рынку працы ад барацьбы дзяржавы з «дармаедамі» пакуль таксама не відаць.

«Выхаваўчы эфект ад гэтага збору не дасягнуты — занятасць у эканоміцы за час дзеяння дэкрэта аб «дармаедах» скарацілася. Таму складана казаць, што меры, прынятыя ў гэтым кірунку, апынуліся эфектыўнымі», — кажа Кацярына Барнукова.

На думку экспэрта, дзяржава, ініцыіруюць барацьбу з «дармаедствам», спрабавала такім чынам знізіць долю ценявой эканомікі.

«Асобы, якія не ўцягнуты ў легальную эканоміку, імаверна, займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасцю, якая можа аказацца нерэнтабельнай, калі яе афіцыйна зарэгістраваць. Напрыклад, памежны гандаль для асоб, якія ім займаюцца, наўрад ці будзе выгадным, калі яны будуць плаціць усе мыты і падаткі. Таму ім прасцей заплаціць падатак на дармаедства, чым выводзіць сваю дзейнасць з ценю», — уважае экспэрт BEROC.

Аналагічнага меркавання прытрымліваецца дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык.

«Падатак з «дармаедаў» — няправільны інструмент для развязання задачы зніжэння долі ценявой эканомікі ў краіне. Калі чалавек зарабляе ў «цені», атрымлівае даход, яму больш выгадна заплаціць раз у год уведзены збор, эквівалентны 200 далярам, чым легалізаваць сваю дзейнасць», — уважае Аляксандр Чубрык.

На яго думку, спагнанне спецыяльнага збору з так званых «дармаедаў» неабходна скасаваць, бо гэты падатак можа абярнуцца супраць найбольш уразлівых слаёў насельніцтва, якія праз неспрыяльную эканамічную сітуацыю ў краіне трапляюць пад скарачэнне.

«У 2016 годзе праз пагаршэнне эканамічнай сітуацыі ў краіне попыт на працоўную сілу знізіўся. Таму людзі ў цяперашніх рэаліях могуць застацца без працы не таму, што яны не хочуць працаваць, а праз змены сітуацыі на рынку працы. Сёння прыярытэтная задача для дзяржавы павінна заключацца ў стварэнні эканамічных умоў для развіцця прыватнага бізнэсу, узнікнення новых працоўных месцаў, а не ў барацьбе з дармаедствам», — рэзюмаваў Аляксандр Чубрык.

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках