Статкевіч і Някляеў паведамілі менскім уладам пра акцыю 24 лістапада
8- 18.11.2016, 15:37
- 28,219
Прымеркаваны да гадавіны антыканстытуцыйнага перавароту мітынг пачнецца а 18.00.
Паэт і палітык Уладзімір Някляеў і адзін з лідараў апазіцыі Мікалай Статкевіч апавясцілі Менгарвыканкам аб правядзенні 24 лістапада акцыі, прымеркаванай да 20-ай гадавіны антыканстытуцыйнага перавароту. На сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» Мікалай Статкевіч апублікаваў тэкст паведамлення:
«У адпаведнасці з правам, гарантаваным артыкулам 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, падпісанымі нашай краінай міжнароднымі дамовамі, мы маем намер правесці 24 лістапада 2016 года на плошчы Свабоды Менска мітынг з нагоды 20-годдзя антыканстытуцыйнага перавароту і ўстанаўлення ў нашай краіне дыктатарскага рэжыму. Пачатак акцыі - а 18.00.
У Беларусі адсутнічае законна абраны парламент і, адпаведна, легітымная працэдура рэалізацыі канстытуцыйнага права на свабоду мітынгаў і дэманстрацый. Таму, у адпаведнасці з прынятай у суседніх краінах практыкай, паведамляем аб сваім намеры правесці 24 лістапада масавую акцыю за 5 дзён да яе пачатку.
Прапануем выканаць патрабаванні Канстытуцыі і забяспечыць бесперашкоднае правядзенне акцыі.
Для тых, хто няўважліва чытае, паўтараю - паведамленне аб нашых намерах, а ніякая не заяўка на атрыманне дазволу. Таму што на тое, на што мы маем канстытуцыйнае права, дазволу не пытаюцца. Ды і няма ў каго».