Пісьменнікі выступілі супраць увядзення дзяржаўнай ідэалогіі ў РФ
5- 19.11.2016, 11:18
- 10,173

Увядзенне дзяржаўнай ідэалогіі ў Расейскай Федэрацыі парушае арт. 13 Канстытуцыі РФ.
Шэраг пісьменнікаў і журналістаў Расеі выступілі супраць увядзення ў краіне дзяржаўнай ідэалогіі. Адпаведную заяву размесціў у Facebook пісьменнік Леў Цімафееў.
Пісьменнікі і журналісты, якія падпісалі заяву, выказваюць заклапочанасць і непакой у сувязі з тым, што ў РФ "...адкрыта і нават дэманстратыўна абвешчана пра намер змяніць існы грамадскі і дзяржаўны лад або, інакш кажучы, здзейсніць дзяржаўны пераварот".
Таксама адзначаецца, што ўнясенне лідарам фракцыі "Справядлівая Расея" Сяргеем Міронавым у Дзярждуму РФ законапраекта пра дзяржаўную ідэалогію – спроба змяніць артыкул 13 Канстытуцыі РФ, у якім гаворыцца: "Ніякая ідэалогія не можа ўсталёўвацца ў якасці дзяржаўнай або абавязковай".
"Было б наіўна сумнявацца: калі ў Расеі будзе ўсталяваная адзіная дзяржаўная ідэалогія (нацыянал-патрыятычная або любая іншая), то кожны іншы погляд будзе прымацца як антыдзяржаўны – з усімі рэпрэсіўнымі наступствамі", – абвесцілі пісьменнікі і журналісты, якія падпісаліся пад заявай.
Аўтары праводзяць аналогію законапраекта з арт. 6 Канстытуцыі СССР, якая сцвярджала "адзіна правільнае вучэнне" ў якасці дзяржаўнай ідэалогіі.
"Змяніць такім чынам артыкул 13 дзейнай Канстытуцыі РФ – значыць здзейсніць дзяржаўны пераварот і зрабіць яшчэ адзін, можа быць, апошні, фатальны крок на шляху ператварэння сучаснай Расеі ў таталітарную дзяржаву", – гаворыцца ў заяве.
Пад заявай стаяць подпісы пісьменнікаў Людмілы Уліцкай, Святланы Алексіевіч, Уладзіміра Вайновіча, Льва Рубінштэйна, Аляксандра Падрабінека, Анатоля Курчаткіна, Ірыны Прохаравай і іншых.