План барацьбы з «дэкрэтам аб дармаедстве»
71- 2.11.2016, 19:37
- 42,328
Прафзвяз РЭП і праваабаронцы абмеркавалі, як супрацьстаяць незаконнаму дэкрэту «аб дармаедстве».
Лідары і юрысты Прафзвязу радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) і Беларускага незалежнага прафзвязу (БНП) разам з прадстаўнікамі праваабарончых арганізацый БХК і «Вясна» выпрацавалі план супрацьдзеяння несправядліваму дэкрэту «аб дармаедстве».
1 лістапада ў офісе прафзвязу РЭП сабраліся дасведчаныя юрысты і праваабаронцы, каб знайсці спосаб, як абараніць людзей ад сумна вядомага дэкрэта №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», званага ў народзе дэкрэтам «аб дармаедстве», і прымусіць улады скасаваць несправядлівы закон.
Удзельнікі «круглага стала» выпрацавалі канкрэтны план дзеянняў, які наважылі рэалізаваць цягам найбліжэйшых двух-трох тыдняў. Былі вызначаныя наступныя задачы:
1. Выпрацаваць пакрокавую інструкцыю для грамадзян, як законнымі спосабамі сысці ад выканання дэкрэта №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства».
2. Падрыхтаваць узор пазоўнай заявы ў суд у мэтах абскарджання патрабавання аб выплаце падатку «на дармаедства», а таксама памятку юрыстам для абароны людзей, якія наважылі змагацца супраць неканстытуцыйнага дэкрэта.
3. Рэгулярна праводзіць акцыі пратэсту, арганізаваць збор подпісаў за скасаванне дэкрэта.
4. Наладзіць цеснае ўзаемадзеянне са СМІ і рэгулярна асвятляць праблему ў СМІ і сацсетках.
5. Звярнуцца ў МАП і іншыя міжнародныя структуры з просьбай прааналізаваць дэкрэт на прадмет адпаведнасці міжнародным нормам.
6. Звярнуцца да расейскіх прафзвязаў і ФПБ з просьбай выказаць сваю пазіцыю ў дачыненні да дэкрэта.
7. Накіраваць звароты ў дзяржаўныя органы з просьбай растлумачыць шматлікія пытанні, звязаныя з практыкай рэалізацыі дэкрэта.
Ідэя правядзення «круглага стала» належыць прафзвязу РЭП. Яе падтрымаў Беларускі незалежны прафзвяз, Беларускі Хельсінскі камітэт і праваабарончы цэнтр «Вясна».
Са словаў старшыні прафзвязу РЭП Генадзя Фядыніча, ідэя ўзнікла ў сувязі з тым, што ў прафзвяз пачалі масава звяртацца людзі, якія атрымалі паведамленні з падатковай інспекцыі з патрабаваннем даць справаздачу аб занятасці і выплаце падаткаў у 2015 годзе.
- Людзі сталі атрымліваць так званыя «лісты шчасця», у якіх ім прапануюць прыйсці ў падатковую інспекцыю і давесці, што ў 2015 годзе яны працавалі ў Беларусі больш 189 дзён і выплачвалі падаткі. Непрадуманасць і несправядлівасць дэкрэта бачная ўжо з гэтага моманту. Калі ты прапрацаваў, напрыклад, на адзін дзень менш, 188 дзён, ты павінен заплаціць «падатак на дармаедства». Гэты дэкрэт парушае Канстытуцыю, дзе дакладна запісана, што праца - гэта права работніка, а не абавязак. Уявіце сітуацыю, што хтосьці паехаў на заробкі, зарабіў вялікія грошы, у свой час заплаціў з іх падаткі і можа дазволіць сабе сёння не працаваць, або каб жонка не працавала. Але дэкрэт такіх выпадкаў не прадугледжвае, гэта вельмі несправядліва. І такіх выпадкаў шмат, - распавёў praca-by.info прафсаюзны лідар.
Удзельнікі «круглага стала» прааналізавалі дэкрэт і паставілі перад сабой мэту - выпрацаваць законны механізм процідзеяння. Яны размеркавалі абавязкі сярод арганізацый і дамовіліся цягам двух-трох тыдняў падрыхтаваць пакрокавую інструкцыю для грамадзян. Акрамя гэтага было вызначана наладзіць цеснае ўзаемадзеянне са СМІ, падняць праблему ў сацыяльных сетках, звярнуцца ў дзяржорганы па тлумачэнні шматлікіх пытанняў, звязаных з рэалізацыяй дэкрэта.
- Трэба запытацца ў міністэрства падаткаў і збораў, колькі было выдаткавана рэсурсаў, фінансавых і людскіх, на выкананне дэкрэта, і колькі атрымана ў выніку грошай? Ці апраўданыя гэтыя намаганні і выдаткі? - адзначыў Генадзь Фядыніч. - Адно з пытанняў можна адрасаваць МУС. Дэкрэт прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да 15 дзён. А ці гатовыя нашы турмы прыняць сто тысяч «дармаедаў»? Ці гатовае міністэрства аховы здароўя лячыць велізарную колькасць суграмадзян, сышоўшых у дэпрэсію праз тое, што яны не толькі не могуць знайсці працу, але яшчэ павінны дзесьці знайсці немалыя грошы на выплату падатку, а потым ламаць галаву, як растлумачыць, дзе яны ўзялі гэтыя грошы. Хіба гэта не здзек з людзей?
Са словаў прафсаюзнага лідара, поспех ініцыятывы цалкам залежыць ад людзей. Мэта прафзвязаў і праваабаронцаў - калі не скасаваць дэкрэт, то хаця б паказаць яго поўную безгрунтоўнасць, сказаў Генадзь Фядыніч.
- У цяперашніх варунках, калі людзі і так з кожным днём становяцца ўсё бяднейшымі, даваць лішнюю падатковую нагрузку - гэта абсурд, гэта ў вышэйшай ступені непавага да свайго народу, - дадаў ён.