Названыя еўрапейскія гарады з самымі шчаслівымі жыхарамі
1- 10.02.2016, 21:28
- 24,822
У рэйтынг увайшлі пераважна маленькія гарады, а не сталіцы.
Еўракамісія апублікавала вынікі даследавання, у рамках якога быў складзены спіс еўрапейскіх гарадоў з самымі шчаслівымі жыхарамі. Першае месца дасталася Ольбаргу ў Даніі. Як адзначае The Independent, у рэйтынг увайшлі пераважна маленькія гарады, а не сталіцы, піша DELFI.lv.
У рамках апытання рэспандэнтаў прасілі ацаніць, наколькі ім падабаецца жыць у горадзе, ці здаволеныя яны колькасцю і даступнасцю фітнэс-залаў або гарадской транспартнай сістэмай.
Высветлілася, што ў Ольбаргу 72 адсоткі апытаных вельмі задаволеныя жыццём у горадзе, а 24 адсоткі задаволеныя. Мясцовыя жыхары асабліва ганарацца ў горадзе Ольбаржскім універсітэтам, уласным сімфанічным аркестрам і прыгожай узбярэжнай часткай.
На другім месцы - Капенгаген. Тут "вельмі задаволеныя" жыццём 67 адсоткаў рэспандэнтаў, а 28 адсоткаў проста задаволеныя. Толькі пяць адсоткаў прызналіся, што ім не падабаецца пражываць у сталіцы Даніі.
Тройку лідараў замыкае Рэйк'явік. Высветлілася, што 66 адсоткаў "вельмі задаволеныя", а 31 адсотак задаволены ўсім у найбуйнейшым горадзе Ісландыі. Апытаныя адзначылі маляўнічыя пейзажы і вельмі спакойнае, ціхае жыццё.
У спіс таксама патрапілі Цюрых, Грац, Осла, Вена, Белфаст, Антвэрпэн, Манчэстэр ды іншыя гарады.