Памочнік Лукашэнкі: Трэба ці павышаць пенсійны ўзрост, ці памяншаць заробак
224- 11.02.2016, 8:12
- 57,264
Памочнік Лукашэнкі - галоўны інспектар Менска Аляксандр Якабсон мяркуе, што ў краіне «сама сітуацыя паспявае для павышэння пенсійнага ўзросту».
Пра гэта ён заявіў 10 лютага на пленарным пасяджэнні I Форуму працоўнай моладзі, паведамляе tut.by.
Са слоў Якабсона, у рэспубліцы павялічваецца сярэдняя працягласць жыцця, змяняюцца суадносіны працоўных і беспрацоўных. «На аднаго работніка сёння прыпадае больш беспрацоўных», - заўважыў Аляксандр Якабсон.
У гэтай сітуацыі ў Беларусі два шляхі: «Каб утрымліваць пенсіянераў, колькасць якіх расце, за кошт існуючых рамак пенсійнага фонду, трэба або паменшыць сярэдні заробак з тым, каб у пенсійным фондзе былі адпаведныя адлічэнні, або павялічыць пенсійны ўзрост».
Аляксандр Якабсон выказаў здагадку, што павелічэнне пенсійнага ўзросту ў Беларусі пройдзе ў некалькі этапаў. «Гэта не будзе адначасова - 60 і 65 гадоў. Будзе этапнасць. Але грамадства павінна даць згоду. Аб'ектыўна глеба для гэтага саспела», - заявіў ён.
Якабсон таксама звярнуў увагу на тое, што сёння ў свеце застаюцца толькі адзінкі краін, у якіх пенсійны ўзрост такі ж нізкі, як і ў Беларусі.