26 снежня 2024, Чацвер, 11:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ліміт на шопінг: пасылкай - 22 еўры, валізкай - 300

107
Ліміт на шопінг: пасылкай - 22 еўры, валізкай - 300
ФОТА: BENDROVĖS

У Беларусі ўводзяцца новыя ліміты на тавары, якія набываюцца за мяжой.

У хуткім часе беларусы змогуць бяспошлінна атрымліваць з-за мяжы пасылкі для асабістага карыстання на суму не больш за 22 еўры ў месяц і вагай не больш за 10 кілаграмаў.

Закрануць новаўвядзенні і прыватныя паездкі. Адпаведныя змены прапісаны ва ўказе Лукашэнкі №40 ад 11 лютага, паведамляецца на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

«Мытныя плацяжы не выплачваюцца ў дачыненні да тавараў для асабістага карыстання, якія перасылаюцца ў міжнародных паштовых адпраўленнях цягам каляндарнага месяца ў адрас адной фізічнай асобы, што знаходзіцца на тэрыторыі рэспублікі, і (або) альбо ўвозяцца на тэрыторыю краіны цягам каляндарнага месяца ў адрас аднаго атрымальніка ў якасці тавараў, якія дастаўляюцца перавозчыкам, калі мытны кошт такіх тавараў у сукупнасці не перавышае суму, эквівалентную 22 еўры, і агульная вага ў сукупнасці не перавышае 10 кілаграмаў», - гаворыцца на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Акрамя таго, цяпер беларусы, якія перасякаюць мяжу больш за адзін раз у тры месяцы і ўвозяць тавар на суму большую за 300 еўраў або вагай больш за 20 кілаграмаў таксама будуць павінны заплаціць мытную пошліну.

- Паводле даследавання, якое праводзілі летась Дзяржаўны мытны камітэт і Белстат, устаноўлена, што больш за 70% грамадзян, якія выязджалі за межы Рэспублікі Беларусь увозілі тавары на суму да 300 еўраў, - прывёў абгрунтаванне навіне ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1» намеснік старшыні мытнага камітэта Уладзімір Арлоўскі. - У Еўрапейскім звязе норма ўвозу тавараў праз аўтамабільныя і чыгуначныя пункты пропуску складае 300 еўраў. Таму, норма закладзеная ва ўказе, нават больш мяккая. Таму што ў Еўрапейскім звязе 300 еўраў - незалежна ад частоты паездак.

Указ уваходзіць у дзеянне праз два месяцы пасля яго афіцыйнага апублікавання, адзначае tut.by.

Сёння беларусы могуць бяспошлінна атрымліваць з-за мяжы пасылкі для асабістага карыстання на суму не больш за 200 еўраў у месяц (незалежна ад колькасці пакупак). Калі ліміт перавышаны, то давядзецца заплаціць 30% з сумы перавышэння. У Расеі гэтая норма складае 1000 еўраў і 31 кілаграм у месяц.

Пра тое, што пакупкі беларусаў у замежных інтэрнэт-крамах плануецца ўпарадкаваць, яшчэ ў сакавіку 2015 году заявіў міністр гандлю Валянцін Чаканаў. Пазней гэтую інфармацыю пацвердзіў старшыня Савета рэспублікі Міхаіл Мясніковіч.

Летась у лістападзе краіны ЕАЭС разглядалі пытанне ўвядзення падатку на пакупкі ў замежных інтэрнэт-крамах. Адзін з варыянтаў, што прапаноўвала Еўразійская эканамічная камісіі, - увесці збор сумаю 15 еўраў на ўсе пасылкі з-за мяжы даражэйшыя за 22 еўры і цяжэйшыя за 1 кілаграм. Але пазней ад ідэі ўвесці падатак адмовіліся.

Яшчэ ў канцы студзеня старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі Юрый Сянько заявіў, што беларуская мытня не лічыць неабходным уводзіць абмежаванні на атрыманне пасылак з-за мяжы для асабістага карыстання. Хоць яшчэ ў снежні 2015 года чыноўнік казаў, што ў Беларусі могуць увесці новыя ліміты на такія пасылкі. Сярод варыянтаў абмежаванні, якія тады разглядаліся, - абмежаваць інтэрнэт-пакупкі за мяжой сумай 200 еўраў у год, а таксама ўвесці новыя ліміты па вазе пасылак.

Як адзначаюць у ДМК, колькасць пасылак з таварамі з-за мяжы ў Беларусь у 2015 годзе вырасла амаль удвая. Да прыкладу, колькасць беларускіх карыстальнікаў, якія праз «Яндекс.Кассу» аплацілі онлайн-пакупкі на кітайскіх онлайн-пляцоўках, павялічылася за мінулы год у 2,5 разы.

Напісаць каментар 107

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках