Набліжаецца «часіна ікс» для беларускай эканомікі
30- 16.02.2016, 9:19
- 39,077
Беларуская эканоміка «лопаецца па швах».
Газета «Салiдарнасць» аналізуе трывожныя званочкі, якія ўсё гучней гучаць у Беларусі ў 2016 годзе.
Дэвальвацыя падкрадаецца
Многія беларусы ўжо прывыклі, што дэвальвацыя - гэта рэзкі скачок курсу даляра. Сёння Беларусь сутыкаецца з іншай, не менш небяспечнай, з'явай – плаўнай дэвальвацыяй. Да прыкладу, калі на пачатку студзеня даляр у беларускіх абменніках каштаваў 18 384 рублі, то ўжо да сярэдзіны другога тыдня лютага яго кошт перавысіў 22 тысячы рублёў. Гэта значыць, дэ-факта дэвальвацыя склала амаль 20%!
- Я думаю, што гэта падзенне курсу беларускага рубля да даляра выніковым не будзе, - растлумачыў сітуацыю «Салiдарнасцi» фінансавы аналітык «Белрынак» Уладзімір Тарасаў. - Наадварот яно яшчэ можа крыху павялічыцца, бо пакуль не забяспечанае дадатнае сальда гандлёвага балансу.
Са слоў экспэрта, галоўная рызыка, якую гэта нясе для беларускай эканомікі, заключаецца ў тым, што імпартныя тавары ўнутры краіны рэзка падаражаюць:
- Прычым, сітуацыя можа прывесці да росту коштаў і на беларускую прадукцыю, таму што для яе вытворчасці таксама завозяцца тавары з-за мяжы.
А ў сераду прагнозы аб далейшым падзенні курсу беларускага рубля пацвердзіў і прэм'ер Андрэй Кабякоў.
Старыя і новыя абавязкі
Паводле падлікаў праекта «Кошт Урада», у 2015 годзе найбольшая частка грошай беларускіх падаткаплацельшчыкаў была накіраваная на «забеспячэнне правапарадку». А вось на другім месцы выдаткаў быў іншы цікавы артыкул - «выплата адсоткаў запазычанасцяў». Паводле разлікаў аналітыкаў праекта, каб утрымліваць дзяржаву, якая жыве пазыкамі, кожнаму ўмоўнаму беларусу летась давялося раскашэліцца больш чым на 1,5 мільёна рублёў.
У 2016 годзе, каб выплаціць старыя запазычанасці, беларускія чыноўнікі плануюць узяць новыя - у Расеі, а таксама ў Міжнароднага валютнага фонду. Калі атрымаць крэдыты з нейкіх прычынаў не атрымаецца, то беларускай эканоміцы цалкам рэальна можа пагражаць дэфолт.
Калі ж ва ўладаў атрымаецца ўзяць крэдыты на жаданыя 2-5 мільярда даляраў, то сума замежнай дзяржаўнай запазычанасці да УБП можа перавысіць 25% і стаць дадатковым цяжарам для беларусаў ужо ў 2017 годзе.
Праблемы банкаў
Каб расплаціцца з замежнымі запазычанасцямі, беларускія чыноўнікі ў 2015 годзе залезлі ва ўнутраныя і пазычылі ў беларускіх арганізацый рэкордную суму. Як піша аглядальніца партала belrynok.by Ірына Крыловіч, унутраная валютная пазыка ў 2015 годзе ў параўнанні з 2014 годам вырасла ўтрая!
«Беспрэцэдэнтным стала прыцягненне ў ліпені на ўнутраным рынку больш за 1 мільярд даляраў за кошт валютных аблігацый. У каго ўзялі гэтыя грошы і на якіх умовах - не паведамлялася, зрэшты, магчыма, лепш гэта і не ведаць, каб у роспачы не забраць з нейкага беларускага банка апошнюю валюту і не закапаць яе на лецішчы», піша экспэрт у сваім артыкуле.
Такім чынам, беларускія банкі, пазычыўшы велізарныя сумы такому непрадказальнаму кліенту, як дзяржава, моцна рызыкуюць. А разам з імі - і беларускія інвестары.
Збядненне насельніцтва
На фоне падзення рэальных заробкаў і росту коштаў беларусы імкліва марнуюць свае апошнія ашчаджанні. Так дэпазіты насельніцтва ў рублях за снежань скараціліся на 1,3 трыльёна, а за студзень - яшчэ на 1,5 трыльёна і склалі 24,6 трыльёнаў рублёў. Валютныя дэпазіты «аселі» ў снежні і студзені на 83,4 і 25,8 мільёнаў даляраў адпаведна - да 7 мільярдаў 665 мільёнаў даляраў.
Калі ж рубель працягне абясцэньвацца і далей, а выдаткі насельніцтва расці, чаго відавочна не пазбегнуць (хоць бы праз сур'ёзнае павышэнне тарыфаў на паслугі ЖКГ), то «заначкі» беларусаў будуць змяншацца нашмат хутчэй, што ў сваю чаргу набліжае «часіну ікс» для ўсёй беларускай эканомікі.