Настаўнікаў і паштальёнаў прымушаюць прасіць «паменшыць заробак»
158- 20.02.2016, 9:38
- 83,177
Аб абуральных фактах распавялі праваабаронцы.
Раней «Беларускі дакументацыйны цэнтр» паведаміў аб выпадку, які адбыўся ў менскім «Доме мэблі», калі ўсіх працаўнікоў прымусілі напісаць заяву аб падаванні ім выходных за свой кошт, але працягваць выходзіць на працу. Юрыст Уладзімір Букштынаў даў прафесійную ацэнку такім дзеянням адміністрацыі прадпрыемства:
- Што ж тычыцца патрабавання адміністрацыі да працаўнікоў пад пагрозай звальнення выконваць працу без аплаты ў непрацоўны час (выхадныя дні, адпачынак), то гэтыя дзеянні ўяўляюць сабой грубае парушэнне закона і пры пэўных умовах могуць быць расцэненыя як злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі.
Тады, пасля надання гэтага факту агалоскі (артыкул патрапіў на сайт charter97.org), у краму прыйшла праверка, пасля якой людзі, ужо паспеўшыя падаць заявы, змаглі не выходзіць на працу. Больш пісаць такое людзей ужо не прымушаюць. Тады мы змаглі парадавацца нашай маленькай перамозе.
Але нам становяцца вядомыя і іншыя, яшчэ больш абуральныя факты пра прымус грамадзян выконваць свае службовыя абавязкі з больш нізкімі расцэнкамі, выконваць большы аб'ём працы за тыя ж грошы, аб скарачэннях ды іншых. У мэтах не падвесці нашы крыніцы інфармацыі раскажам пра сітуацыю, не называючы канкрэтныя месцы. У гэтым выпадку нам важна апісаць сітуацыю агулам, а не расказаць пра канкрэтныя парушэнні.
Так нам стала вядома, што на адной сельскай пошце «высокае начальства», склікаўшы працоўных, прымусіла напісаць іх заяву «просім паменшыць нам заробак». Пры гэтым заробак у такіх аддзяленнях вагаецца ад 1 да 1,5 млн. рублёў, на месца таго, хто звольніўся людзей не бяруць новых, а прымушаюць пакінутых выконваць іх аб'ём працы - часта аднаму паштальёну трэба абыйсці ў любое надвор'е блізу пяці вёсак.
Гэты выпадак здаецца нейкай сельскай спецыфікай, дзе людзі цалкам бяспраўныя і нямоглыя нешта супрацьпаставіць такому бязмежжу, бо іншай працы ў іх няма, але гэта не зусім так. Сёння нам стала вядома, што такія заявы пад пагрозай звальнення прымушаюць пісаць і галоўных памочнікаў кіруючага рэжыму на «выбарах» - настаўнікаў. Менавіта такая інфармацыя паступіла з адной з менскіх школ! Акрамя таго, навучэнец аднаго з менскіх каледжаў, які паступіў на вучобу ў гэтым годзе, паведаміў нам, што ягоную спецыяльнасць у наступным годзе скароцяць, бо няма грошай.
Так як і пошта, і адукацыя ў нас дзяржаўныя, то, наўрад ці, такія захады эканоміі дзяржаўных сродкаў прыйшлі ў галаву дырэктарам гэтых устаноў, а не былі спушчаны зверху.
Сталі вядомыя і выпадкі аб скарачэннях супрацоўнікаў. Напрыклад, у гандлёвай сеткі магазінаў «Рублёўскі» сталі звальняць прадаўцоў, абавязаўшы пакінутых выконваць іх працу. Пры гэтым паступіла інфармацыя, што на біржы працы перасталі рэгістраваць беспрацоўных. Чалавеку, які звярнуўся туды па дапамогу, не толькі не змаглі прапанаваць ніякіх варыянтаў, але нават не зарэгістравалі.
Гэтыя разрозненыя выпадкі даволі лёгка аб'яднаць у нейкую агульную карціну, якая паказвае рэальнае становішча ў нашай эканоміцы. Пры гэтым нам невядома, каб хтосьці спрабаваў абараніць свае правы. Грамадзяне моўчкі пішуць заявы «просім скараціць нам заробак»...