25 снежня 2024, Серада, 10:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новая акцыя ІП у Менску: «Свабоду!» (Онлайн-рэпартаж, відэа)

128
Новая акцыя ІП у Менску: «Свабоду!» (Онлайн-рэпартаж, відэа)
ФОТА: EURORADIO.FM

Удзельнікі акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы патрабавалі адстаўкі ўраду.

Другі панядзелак запар ІП выходзяць на вуліцы на знак пратэсту супраць невыносных умоў вядзення бізнэсу. З 1 студзеня большасць іх іх не могуць працаваць на рынках.

На гэты раз акцыя прайшла досыць актыўна - людзі гучна абураліся палітыкай уладаў, патрабавалі адстаўкі ўрада і нават не далі міліцыі скласці пратаколы на лідараў апазіцыі і прадпрымальнікаў. Супраць людзей выкарыстоўваліся нават камунальныя службы.

Пра сваю падтрымку пратэстаў ІП заявілі лідары беларускай апазіцыі.

«Я звяртаюся да індывідуальных прадпрымальнікаў і таксістаў, да лекараў і «дармаедаў», да работнікаў МАЗа і ІТ, да студэнтаў і іх бабуль! Мы ўсе з вамі ў адным дзіравым чоўне з самаўлюбёным капітанам і непрафесійнай зладзеяватай камандай. Давайце разам супраціўляцца злу, жлобству, прававому бязмежжу і ўсёдазволенасці. Давайце разам змагацца за сістэмныя структурныя рэформы, за новы эканамічны курс, за самапавагу, за нармальную краіну», - сказаў лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

З заклікам да прадпрымальнікаў звярнуўся і былы палітвязень Мікола Статкевіч. Ён заклікаў ІП перад пачаткам акцыі прыйсці да адміністрацыі Лукашэнкі і «прынесці з сабой заявы з патрабаваннем скасавання ўказу 222, адмовы ад абмежаванняў на атрыманне і асабісты ўвоз рэчаў з-за мяжы, зніжэння коштаў паслуг ЖКГ».

14.00 Акцыя ІП скончаная. Дзякуй, што былі з намі. Але лепш бы вы былі на Плошчы:)

13.50 Прынятая пастанова сабрацца на чарговы мітынг пратэсту на Кастрычніцкай плошчы ў нядзелю 28 лютага а 15 гадзіне.

13.39 Камунальнікі задзіраюцца з мітынгоўцамі, тыя на адказ скандуюць «Рабы!».

13.37 Акрамя тэхнікі, снег уручную прыбіраюць камунальнікі ў аранжавых камбінезонах. Камунальнікі штурхнулі журналістку «Радыё Свабода» Галіну Абакунчык і разбілі ёй тэлефон.

13.35 Зноў пад'ехала снегаўборачная тэхніка.

13.33 Макаеў прапануе заставацца на плошчы і ставіць пытанне на абмеркаванне. Людзі кажуць, што трэба сабрацца ў нядзелю 28 лютага. Таксама выказваюцца прапановы ісці да дома ўрада ці адміністрацыі Лукашэнкі.

13.27 Мікалай Статкевіч заявіў журналістам, каментуючы супрацьстаянне з міліцыяй на пачатку акцыі: «Гэта прадпрымальнікі, яны ўмеюць праявіць рашучасць» Лідар апазіцыі выказаў меркаванне, што ў нядзелю збярэцца больш людзей, не толькі з ліку ІП, бо ў краіне цяпер вялікая сацыяльная база для пратэстаў. «Сёння была апрабаваная новая пляцоўка для пратэстаў: упершыню за 20 гадоў кіравання Лукашэнкі, каля дзвярэй ягонай адміністрацыі была праведзеная акцыя пратэсту. Хай невялікая, у асноўным палітыкі, а не ІП, але галоўнае зробленае - адваяваная яшчэ адна важная пляцоўка для пратэстаў. Гэта трэба выкарыстоўваць на акцыях пратэсту вясной», - заявіў Мікалай Статкевіч.

13.24 Макаеў распавёў пратэстоўцам аб памерах штрафаў для ІП і грамадзянскіх актывістаў. Людзі скандуюць «Ганьба!» на адрас уладаў.

13.23 Паэт Славамір Адамовіч частуе мітынгоўцаў гарачай гарбатай з тэрмаса.

13.21 З патрабаванняў да ўлады на стэндзе журналісты адзначаюць фразу: «Люстрацыі ды змены незаконнай улады, адстаўкі людзей, якія незаконна ўтрымліваюць уладу ў Беларусі»

13.20 Макаеў заклікаў прадпрымальнікаў і грамадзян Беларусі не баяцца і выходзіць на плошчу 28 лютага, мітынгоўцы скандуюць «Жыве Беларусь!».

13.17 Мітынгоўцы патрабавалі адстаўкі кіраўніка БТ Генадзя Давыдзьку.

13.15 Алесь Маскаев заклікаў сёння заставацца як мага даўжэй, а наступную акцыю на Кастрычніцкай плошчы правесці ў нядзелю, 28 лютага, а 15 гадзіне. Прапанова была сустрэтая задаволенымі воклічамі мітынгоўцаў і за яе прагаласавалі.

13.11 Машынам удалося праехаць побач з мітынгоўцамі. Мітынг прадаўжаецца. Адна з мітынгоўцаў, былая прадавачка ў ІП з Менска распавяла журналістам, што засталася без працы з пенсіяй 2 млн рублёў. «Працы няма ні для кога праз указ №222», - распавяла жанчына.

13.09 Максім Вінярскі у майцы «Лукашэнка, сыходзь», Вячаслаў Касінераў і маладзёны з расцяжкамі ў руках выстройваюцца насупраць машын і не пускаюць іх. Адзін з кіроўцаў распавёў журналістам, што яны выконваюць загад начальства.

13.06 Адна з машын пад'ехала ўшчыльную да мітынгоўцаў. Людзі сталі перад ёй і не пускаюць далей.

ФОТА: «ЕЎРАРАДЫЁ»
ФОТА: «ЕЎРАРАДЫЁ»

13.04 Снегаўборачныя машыны набліжаюцца да мітынгоўцаў, іх «праца» стварае дадатковы шум. Людзі не здаюць сваю тэрыторыю.

13.03 На плошчы «працуюць» шэсць снегаўборачных машын, але на прыстойным аддаленні ад мітынгоўцаў.

13.01 - На плошчу прыбылі палівальныя і снегаўборачныя машыны. Мітынгоўцы крычаць камунальнікам «Далучайся!»

13.00 На мітынгу збіраюць подпісы за скасаванне ўказу №222.

12.58 Алесь Абрамовіч з Барысава прапанаваў прыхіліць адно калена, каб паказаць, што цяпер «з намі Бог». Частка мітынгоўцаў рушыла ўслед ягонаму прызыву.

12.57 Мітынгоўцы скандуюць «У адстаўку!» і «Правы не даюць - правы бяруць!», «Ні халопаў - Ні паноў!»

12.55 З'явілася расцяжка «За Беларусь без халопа і хама». З ёй стаіць графіціст Вячаслаў Касінераў.

12.53 Выступае Мікалай Станкевіч. «Мы не быдла, мы не рабы!» - Звяртаецца ён да мітынгоўцаў. Яго вітаюць захопленымі воклічамі. «Вы змагаецеся не толькі за сябе, але і за ўсіх нас», - кажа Станкевіч прадпрымальнікам.

ФОТА: «ЕЎРАРАДЫЁ»

12.52 Выступае Павел Севярынец, прапануе адстаўку Кабякова і выказаць недавер Лукашэнку. Апошняе выклікае ўхваляльныя воклічы прысутных. Мітынгоўцы галасуюць за адстаўку Кабякова і недавер Лукашэнку. Чутныя словы «Мы вас не выбіралі!». Людзі скандуюць «Жыве Беларусь!» і «Салідарнасць!»

ФОТА: «ЕЎРАРАДЫЁ»

12.50 Мітынгоўцы скандуюць «Жыве Беларусь!»

12.46 ІП з Менска распавядае журналістам, што ў сталіцы не працуе большасць прадпрымальнікаў. Ягоныя словы пацвярджае ІП з Горадні, які ўжо 2 месяцы застаецца беспрацоўным. Ён паведамляе, што тыя прапановы ўладаў, якія на сёння сфармуляваныя, нават блізка не развязваюць праблем ІП.

12.45 Лябедзька заклікаў мітынгоўцаў прыходзіць на суды над тымі, супраць каго сёння склалі адміністрацыйныя пратаколы.

12.44 Мітынгоўцы скандуюць мінакам «Далучайся!»

12.42 Людзі ў цывільным кансультуюцца паміж сабой і здымаюць мітынгоўцаў на камеру. Мітынгоўцы патрабуюць адстаўкі прэм'ер-міністра Кабякова, міністра эканомікі Зіноўскага і міністра падаткаў і збораў Налівайку. Алесь Маскаеў назваў іх дзеянні «генацыдам ІП у Беларусі». Мітынг прымае галасаваннем рэзалюцыю з патрабаваннем адстаўкі названых міністраў.

12.39 Міліцыя падышла да хлопцаў, якія стаяць з расцяжкай на прыступках палаца Рэспублік, і патрабуе іх дакументы. Адзін з хлопцаў - Павел Сяргей, збіты міліцыяй падчас суду над графіцістамі. Ён адмаўляецца паказаць дакументы і скандуе «Псы сістэмы!». У гэты час мітынгоўцы скандуюць «Жыве Беларусь»!

12.37 Жывое кальцо вакол кіраўнікоў мітынгу стулілася. Выступае апазіцыянер Алесь Абрамовіч з Барысава.

ФОТА: «ЕЎРАРАДЫЁ»
Фота: «Радыё Свабода»

12.37 Выступоўца Анатоль Лябедзька падчас мітынгу назваў улады карумпаванымі, а ўсю сістэму - прагнілай.

12.34 Людзі выштурхваюць міліцыю з прыступак Палаца Рэспублікі. Падыходзіць міліцэйскае падмацаванне. Людзі скандуюць «Свабоду»! Паднятая расцяжка: «Правы не даюць - правы бяруць». Павел Севярынец заклікаў умацаваць жывы ланцуг і не пускаць міліцыю да выступоўцаў. Павел Севярыне і Максім Вінярскі сашчапіўшы рукі, не пускаюць міліцыю да выступоўцаў. Кіраўнікоў мітынгу пратэстоўцы атачылі шчыльным колам.

ФОТА: «ЕЎРАРАДЫЁ»

12.33 Міліцыя параілася з людзьмі ў цывільным і зноў ідзе да выступоўцаў. Утварыўся жывы ланцуг. Людзі не пускаюць міліцыю да Лябедзькі і кіраўнікоў мітынгу. Скандуюць «Ганьба»!

ФОТА: «ЕЎРАРАДЫЁ»

12.32 Праводзіцца пераклічка мітынгоўцаў па абласцях. На мітынгу ёсць людзі іх усіх абласцей Беларусі.

12.30 Людзі не пускаюць міліцыю на прыступкі палаца Рэспублікі. Лябедзька заклікае кіраўніцтва ГУУС «забраць сваіх міліцыянтаў».

12.29 Міліцыя пачала складаць пратаколы на ўдзельнікаў акцыі, паўстала таўкатня. Міліцыя прарываецца да Лябедзькі. Людзі адштурхваюць міліцыю, пачынаецца лёгкая бойка.

ФОТА: «ЕЎРАРАДЫЁ»
ФОТА: «ЕЎРАРАДЫЁ»

12.28 З'явілася міліцыя. Мітынгоўцы сустрэлі іх свістам і крыкамі «Гaньба»!

12.27 Сабраліся сотні чалавек. Мітынг праводзіць Анатоль Лябедзька з прыступак Палаца Рэспублікі. Усталяваны стэнд - «Што я думаю пра ўказ №222», каб ІП маглі напісаць свае патрабаванні.

12.25 «Ёсць прапанова перайсці на тое месца, дзе мы ўжо бывалі. Палац Рэспублікі пабудавалі для таго, каб ІП маглі тут збірацца», - прапанаваў прысутным лідар АГП Анатоль Лябедзька.

ФОТА: «ЕЎРАРАДЫЁ»
ФОТА: «ЕЎРАРАДЫЁ»

12.22 «Трэба аб'ядноўвацца, інакш перадушаць. Лукашэнка заявіў, што гэта толькі пачатак. Ва ўладаў ёсць план у ліквідацыі ІП. Шлях адзін - толькі на Плошчу. Трэба выходзіць і патрабаваць», - заявіла журналістам прадпрымальніца на мітынгу.

«У Барысаве сярэдні заробак 2-3 мільёны, і нават на такую працу цяжка трапіць. Мы не хочам з'язджаць з краіны, але нам патрэбная праца», - заявіла журналістам ІП з Барысава.

12.19 Людзей на плошчы становіцца больш. Прыязджаюць ІП з Менска і іншых гарадоў.

12.18 Лідар АГП Анатоль Лябедзька прыйшоў на Плошчу. З ягоных слоў, сёння ўсім трэба патрабаваць правядзення рэформаў у краіне.

12.18 Алесь Макаеў мяркуе, што прадпрымальнікі сталі самаарганізоўвацца. Людзі сёння выйдуць на плошчы ў іншых гарадах.

12.17 Алесь Макаеў заявіў, што патрабаванні ІП могуць быць пашыраныя. скасаванне ўказу №222 - гэта тактычны крок. Адстаўка ўрада - стратэгічны, сказаў ён.

12.16 На плошчу прыйшоў лідар прадпрымальнікаў Алесь Макаеў.

12.14 «Прадпрымальнік - прыстойны чалавек. Улада - бандыцкая» - з такім плакатам выйшаў апазіцыянер Алесь Абрамовіч з Барысава.

ФОТА: «ЕЎРАРАДЫЁ»

12.10 Удзельнікі акцыі пратэсту даюць інтэрв'ю СМІ. Гучаць заклікі «прыбіраць гэтую ўладу». «Дайце людзям зарабіць! Шануйце працу!», - Крычаць яны.

12.09 Сям'я ІП прыйшла на плошчу разам з дзецьмі. Яны заяўляюць, што ім няма на што жыць, працаваць у новых варунках немагчыма.

12.06 Журналіст «Радыё Свабода» паведаміў, што лідары апазіцыі Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў і Анатоль Лябедзька знаходзяцца цяпер ля адміністрацыі Лукашэнкі. Палітыкі заклікаюць ІП несці туды заявы пратэсту супраць указу №222.

12.05 Сёння ўдзельнікі акцыі маюць намер запатрабаваць адстаўкі ўраду. З такой ініцыятывай напярэдадні выступілі лідары ІП.

12.00 На плошчы ўжо блізу сотні чалавек. Людзі стаяць групамі, размаўляюць. Колькасць удзельнікаў акцыі павялічваецца.

11.59 Адзін з першых удзельнікаў акцыі прыйшоў у вышыванцы.

11.57 Людзі пачынаюць збірацца на плошчы. Некаторых спыняюць супрацоўнікі міліцыі - правяраюць дакументы і рэчы.

Напісаць каментар 128

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках