Міністэрства эканомікі супраць скасавання ўказу №222
22- 24.02.2016, 14:28
- 19,801
Большасць сябраў рабочай групы ў праблемах ІП у Міністэрстве эканомікі не падтрымалі скасаванне ўказу, што збядніў прадпрымальнікаў.
Пра гэта паведамляе на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» старшыня РГА «Перспектыва» Анатоль Шумчанка, які бярэ ўдзел у пасяджэнні групы 24 лютага.
Заява, якую сёння прапанавала падпісаць «Перспектыва», складаецца з трох пунктаў:
- Тэрмінова скасаваць указ №222 «Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі»;
- Скасаваць палажэнні ўказу №48 «Аб мерах па забеспячэнню дзяржаўнага кантролю (нагляду) за выкананнем патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў» у частцы адміністрацыйнай адказнасці ІП за парушэнні патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза і Еўразійскага эканамічнага саюза;
- Вярнуць дзеянне ўказу №285 «Аб некаторых мерах у рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці» ўзору 2005 года як свайго роду патэнта на раздробны гандаль у мэтах максімальнага спрашчэння вядзення бізнэсу для ІП.
Прапануючы падпісаць заяву, «Перспектыва» адзначала важнасць «выразнай пазіцыі ІП у ключавых пытаннях».
«Сёння прадпрымальнікі Беларусі чакаюць ад сябраў рабочай групы адзінага вылучэння патрабаванняў. Улады не ідуць на кампрамісы нават у пытаннях зняцця адказнасці ў накладных. Прапанову аб тым, што калі заплачаны увазны ПДВ, то ІП адказнасці не нясе, МПЗ адхілена. Гэта азначае, што праверкі расейскіх партнёраў і фактаў угод у Расеі працягнуцца. А значыць, наперадзе нас чакаюць канфіскацыі і штрафы - гэта не той вынік, які павінна даць рабочая група», - падкрэсліў у сваім каментары Шумчанка.
Аднак, паводле інфармацыі Шумчанка, акрамя яго самога, заяву падпісалі ўсяго чатыры сябры рабочай групы: Алена Кустус (ІП з Берасця, сябра «Перспектывы»), Аляксей Валатка (Магілёў, сябра «Перспектывы»), Андрэй Шасцярыкоў (Горадня) і Святлана Скаль (Магілёў).
Шумчанка таксама паведамляе, што намесніца міністра эканомікі Ірына Касцевіч назвала гэтыя прозвішчы, заявіўшы, што гэтым людзям не месца ў працоўнай групе, і прапанавала выдаліць іх з паседжання. «Прыйшлося павысіць голас і адстаяць людзей», - піша ў «Фэйсбуку» старшыня «Перспектывы».
Рабочая група ў пытаннях дзейнасці ІП пры грамадска-кансультатыўным савеце ў развіцці прадпрымальніцтва пры Мінэканомікі была створаная ў пачатку лютага на загад міністра эканомікі Уладзіміра Зіноўскага. У яе склад уваходзяць 23 чалавекі, трое з якія - чыноўнікі, астатнія - ІП і прадстаўнікі бізнэс-саюзаў.
Нагадаем, што з 1 студзеня 2016 года беларускія ІП масава спынілі гандаль. З гэтай даты, згодна з указам Лукашэнкі, прадпрымальнікі не могуць прадаваць тавары лёгкай прамысловасці, увезеныя з краін Мытнага саюза, без сертыфікатаў. З пачатак студзеня 2016 на пустуючых рынках і ў гандлёвых цэнтрах Беларусі праходзяць стыхійныя мітынгі прадпрымальнікаў.
У студзені прадпрымальнікі Гомеля, Віцебска, Магілёва і іншых гарадоў Беларусі праводзілі шматлікія акцыі пратэсту каля будынкаў абласной і гарадской адміністрацыі, патрабуючы скасавання ўказу №222.
15 лютага ў цэнтры Менска, на Кастрычніцкай плошчы, прайшла маштабная акцыя пратэсту ІП, якая сабрала больш за 1000 чалавек з усёй краіны. На мітынгу было пастаноўлена праводзіць агульнанацыянальныя акцыі пратэсту на галоўнай плошчы краіны датуль, пакуль улада не скасуе ўказы, што руйнуюць дробны бізнэс. Наступны такі мітынг прайшоў 22 лютага на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.