24 снежня 2024, aўторак, 6:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Багданкевіч: Указам №78 хочуць усё закансерваваць

25
Станіслаў Багданкевіч: Указам №78 хочуць усё закансерваваць
Фотa: CORBIS

Чарговы ўказ дыктатара накіраваны на кансервацыю адміністрацыйна-каманднай мадэлі.

23 лютага Лукашэнка падпісаў указ №78 «Аб захадах у падвышэнні эфектыўнасці сацыяльна-эканамічнага комплексу Рэспублікі Беларусь». Фактычна нарматыўны акт дублюе выказванні Лукашэнкі на апошніх нарадах аб сацыяльна-эканамічным крызісе: знізіць сабекошт прадукцыі не менш як на 25 адсоткаў; забяспечыць рост і дыверсіфікацыю экспарту; рацыянальнае імпартазамяшчэнне; паскоранае развіцця малога і сярэдняга бізнэсу; забяспечыць штогадовае павелічэнне колькасці працаўладкаваных грамадзян на зноў створаныя працоўныя месцы за кошт стварэння новых прадпрыемстваў і вытворчасцей на 50 тысяч чалавек.

Афіцыйная прапаганда называе ўказ №78 «антыкрызісным». Аднак былы кіраўнік Нацбанку Станіслаў Багданкевіч бачыць у ім спробу кансервацыі адміністрацыйна-каманднай сістэмы кіравання эканомікай.

Экспэрт патлумачыў свой пункт гледжання «ЕўраБеларусі».

- Гэты дакумент накіраваны на захаванне адміністрацыйна-каманднай мадэлі. Лукашэнка хоча перачакаць крызіс, пераразмеркаваць рэсурсы - і такім шляхам кардынальна нічога не мяняць. Ва ўказе шмат лозунгаў, зразумелых школьнікам або студэнтам першага курсу эканамічных ВНУ: змяншаць выдаткі, падвышаць рэнтабельнасць, падтрымліваць малы і сярэдні бізнэс, ствараць канкурэнцыю. Але хіба гэта было тайнай папярэднія 21 год?

Указ не змяшчае кардынальных прапаноў рэфармавання эканомікі. А кардынальнае развязанне палягае ў тым, каб выключыць 150 дзяржпрадпрыемстваў з кіраўніцтва справамі прэзідэнта, забраць з падпарадкавання міністэрства прамысловасці некалькі сотняў прадпрыемстваў, тысячы прадпрыемстваў - ад міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання і перадаць іх на канкурэнтнай аснове дырэкцыі гэтых прадпрыемстваў.

У варунках эканамічнага крызісу (у 2015 годзе ВУП абрынуўся на 4%, а ў студзені 2016 года падзенне ўжо склала больш за 4%) і росту беспрацоўя беларускае кіраўніцтва зладзіла ганенні на малы і сярэдні бізнэс. Хіба такія рэчы робяцца ва ўмовах крызісу? Хай працуюць, хай людзі ацэньваюць - трэба ім рыззё імпартнае або беларускай лёгкай прамысловасці.

Хіба можна так за адзін раз падвышаць тарыфы камунальных паслуг? Гэта патрэбныя захады, аднак рабіць іх трэба паступова, а не адным махам. Лукашэнка нібыта і асуджае «бязмежжа» вертыкалі, але хіба ў Беларусі што-небудзь без ягонай згоды робіцца? Ніхто нічога не робіць, таму ўсе гэтыя разборкі выглядаюць недарэчна.

- Указ патрабуе знізіць затраты арганізацый, якія надаюць жыллёва-камунальныя паслугі, і своечасовае давесці кампенсацыю тарыфаў на паслугі ЖКГ да 50%. Але некалькі дзён таму Лукашэнка заяўляў, што беларусы ўжо кампенсуюць 80% выдаткаў...

- Цяжка нешта каментаваць пасля заяваў Лукашэнкі. Ён заяўляе, што ніякіх рэформаў не будзе, але адначасова жадае атрымаць крэдыт у Міжнароднага валютнага фонду. МВФ мае права не выдзяляць рэсурсы без структурнай перабудовы неэфектыўнай эканомікі - Лукашэнка робіць выгляд, што не разумее.

- Значыць, гэты ўказ у першую чаргу адрасаваны МВФ?

- МВФ разлічвае на глабальную праграму структурнай перабудовы эканомікі. Крэдыты выдзяляюцца на стабілізацыю сітуацыі пры ўмове, што сама краіна праводзіць структурныя пераўтварэнні, накіраваныя на ўздым эканомікі. З указа я бачу, што Лукашэнка спрабуе палепшыць непрыдатную сістэму кіравання эканомікай, а не падняць эканоміку, ён не прапаноўвае глыбінных, структурных пераўтварэнняў.

Калі не праводзіць прыватызацыю, тады патрэбныя структурныя пераўтварэнні ў кіраванні дзяржкампаніямі: дзяржкампаніі існуюць і ў Францыі, і ў іншых краінах, але пры гэтым рэнтабельна працуюць. А вядучыя беларускія дзяржкампаніі вырабляюць прадукцыю, якая не знаходзіць збыту на рынку, якую нельга прадаць. Навошта тады яе вырабляць?

Лукашэнка кажа аб канкурэнтнай эканоміцы - дык дай волю дырэктарам: няхай нясуць поўную адказнасць за рэнтабельнасць, за збыт, за структуру вытворчасці, за колькасць рабочых, якую трэба ўтрымліваць. Але такіх рэформаў указ не прадугледжвае, каб атрымаць падтрымку МВФ. Але калі МВФ хоча быць падманутым - падмане, тым больш, што Беларусь своечасова выплчвае ўсе крэдыты, што для фонду добра.

- Нягледзячы на няўклюдныя спробы беларускіх уладаў прытрымлівацца рэкамендацый МВФ, ці гатовы фонд выдзеліць крэдыт?

-Я мяркую, што патрэбныя іншыя перамовы з МВФ. Лукашэнка загадвае знізіць сабекошт прадукцыі на 25%. А чаму не на 27% ці 33%? Ды хіба магчыма за год знізіць сабекошт настолькі? ..

Патрабуецца паніжаць працэнтныя стаўкі. Але іх можна паніжаць пры ўмове стабілізацыі на манетарным і валютным рынках: будзе інфляцыя 3%, тады і стаўка можа быць 5-7%. Але Лукашэнка не тлумачыць, якім чынам дасягнуць устаноўленых паказчыкаў.

Правільных лозунгаў шмат, але нічога новага яны не даюць - захоўваецца старая мадэль.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках