Раніцай грошы, увечары ракеты
46- 25.02.2016, 8:40
- 25,908
Пуцін, Мядзведзеў і Лукашэнка сёння сустракаюцца ў Менску.
Расейскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін 25 лютага наведае з візітам Менск, дзе возьме ўдзел у пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі. У Беларусь таксама павінен прыехаць прэм'ер-міністр РФ Дзмітрый Мядзведзеў.
Парадкам дня прадугледжана прыняцце бюджэту СД, зацвярджэнне праграмы ўзгодненых дзеянняў у галіне замежнай палітыкі і абмеркаванне вынікаў гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Таксама будуць разглядацца і іншыя пытанні. Лукашэнка раней заявіў аб тым, што абмеркаваў з прэзідэнтам Расеі пытанні бяспекі дзвюх краін.
Аналітык літоўскага Цэнтра ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Лаўрынас Кашчунас у інтэрв'ю Delfi сцвярджае, што Пуцін прыязджае ў Менск, каб не выпусціць кантроль над сітуацыяй.
«Скасаванне санкцый на самай справе ўмацавала пазіцыі Лукашэнкі ў дачыненні да Пуціна, - упэўнены ён, разважаючы пра прычыны візіту. - Пуціна, магчыма, і прымусіла прыехаць жаданне не выпусціць ініцыятыву, каб гульня Лукашэнкі з Еўропай не зайшла занадта далёка».
Купі-прадай
На думку палітолага, акрамя заяўленых тэм, бакі магчыма будуць абмяркоўваць і іншыя пытанні, звязаныя з інтэграцыйнымі праектамі Расеі. Аднак, увесь змест гэтых сустрэч ён характарызуе як «купі-прадай».
«Трэба мець на ўвазе, што ўсе гэтыя іх сустрэчы з нагоды інтэграцыйных праектаў – гэта «купі-прадай». Лукашэнка прадае суверэнітэт, але прадае патроху, каб яму яго засталося і ён далей жыў. Натуральна, што ўсе звядзецца да таго, што Беларусі патрэбныя крэдыты, стабільныя пастаўкі энэргіі, рынак для беларускай прадукцыі і г.д».
Палітолаг сцвярджае, што структурна «Лукашэнка цалкам залежыць ад Пуціна», таму цалкам магчыма, што гаворка пойдзе аб падтрымцы эканомікі. З яго слоў, нягледзячы на праблемы ў Расеі, яна будзе працягваць субсідаваць Беларусь. «Бывала і так, што ў Расеі было вельмі дрэнна, і ўсё роўна яна датавала Беларусь. Гэта логіка імперскай дзяржавы», - кажа Кашчунас.
У такой сітуацыі пытанне расейскай базы ў Беларусі ён таксама ўважае з разраду размоў «купі-прадай»: «Калі прапанова будзе добрай, Лукашэнка пагодзіцца і будзе тая база ў Беларусі».
Мёртвы праект
Кашчунас не верыць у дзейснасць праекта «саюзнай дзяржавы» Расеі і Беларусі:
«Гэтаму праекту ўжо 16 гадоў. Ён быў жывы тады, калі быў Ельцын. Тады Лукашэнка рэальна меркаваў, што можа стаць кіраўніком «саюзнай дзяржавы». Калі прыйшоў Пуцін, усё стала больш прагматычна і ён зразумеў, што Пуціна дакладна не дасць яму кіраваць, у іншым выпадку ён стане губернатарам». Таму, СД можа быць «толькі яшчэ адной платформай, каб нешта аддаць Расеі наўзамен».
«Не думаю, што гэта два лідары, якія могуць дамовіцца пра ідэю агульнай дзяржавы», - мяркуе экспэрт. Між тым суседзям падчас гэтай сустрэчы трэба сачыць за тым, ці не будзе ўмацоўвацца супрацоўніцтва Расеі і Беларусі ў вайсковай сферы.
«За гэтым варта назіраць, а таксама глядзець дзе Беларусь сябе трошкі прадасць, за колькі і што. Больш за ўсё варта было б цікавіцца пытаннем вайсковых баз», - сказаў на заканчэнне ён.
Паўстала неабходнасць растлумачыць, што не так
Наколькі вядома, нагодай для прыезду ў Менск Пуціна будзе паседжанне Вышэйшага дзяржаўнага савета «саюзнай дзяржавы», эфектыўнасць якой у сваю чаргу даўно служыць падставай для скептычнага стаўлення да гэтай структуры. Таму экспэрты прапануюць шукаць сапраўдную прычыну візіту ў іншым.
«За ўсе гады існавання праект пад назвай «саюзная дзяржава» так і не стаў рэальнай дзяржавай у сапраўдным значэнні гэтага слова, - каментуе палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі. - Няма ў яго і належных атрыбутаў: гімна, сцяга, валюты. І гэта «дзяржава» не з'яўляецца суб'ектам міжнароднага права. Праўда, як кажуць некаторыя яе чыноўнікі, яна ўсё ж з'яўляецца суб'ектам міжнародных адносін. Ну, калі ўважаць стасункі паміж Масквой і Менскам, дзе працуюць іх амбасады, то яны сапраўды міжнародныя. А сама саюзная дзяржава, наколькі вядома, нідзе ў свеце сваіх дыпламатычных прадстаўніцтваў не мае. Затое мае нязменнага кіраўніка свайго Вышэйшага дзяржсавета, якім з'яўляецца Лукашэнка».
Ён адзначае, што Пуцін не праяўляе жадання змяніць Лукашэнку на гэтай пасадзе, бо яму цалкам дастаткова быць гаспадаром Крамля і заступнікам усяго «расейскага свету» ў яго разуменні. «І калі Пуцін чуе ад найбліжэйшага хаўрусніка, што гэты свет «хімера», то, мабыць, паўстала неабходнасць зразумела растлумачыць, што гэта не так. Прычым, растлумачыць не ў Маскве, а ў Менску. Вядома, гэтыя тлумачэнні стануць лагічным працягам нядаўніх сочынскіх гутарак паміж лідарамі дзвюх частак саюзнай дзяржавы», - мяркуе аглядальнік.
Якаўлеўскі мяркуе, што акрамя звязаных з СД пытанняў, будуць абмяркоўваць і іншыя моманты, якія могуць дакранацца ўсяго спектру стасункаў паміж Масквой і Менскам. «Хутчэй за ўсё, пытанні будуць тычыцца ўсяго спектру ўзаемаадносін з акцэнтам на сучасную міжнародную сітуацыю. Некаторыя палітолагі, экспэрты як на Захадзе так і ў Маскве ацэньваюць яе пралогам да трэцяй сусветнай вайны. Асабліва, калі кажуць пра рост супрацьстаяння паміж Расеяй і натаўскай Турцыяй. А, як вядома, стасункі ў Масквы і Менска з Анкарой розныя. Зрэшты, як і з Кіевам. Вось прымальны градус такой розніцы і паспрабуе Пуцін зафіксаваць у Менску са сваім стратэгічным хаўруснікам».
Ці можна казаць аб актывізацыі з боку Масквы дзеянняў у дачыненні да развіцця «саюзнай дзяржавы»? На гэтае пытанне аглядальнік адказаў так: «Вонкава, такая актывізацыя праяўляецца сёння не столькі ў эканамічнай, колькі ў абарончай сферы. Цікава, як адзначаюць, напрыклад, у беларускім МЗС, у Расеі з Беларуссю ёсць цеснае двухбаковае супрацоўніцтва ў абароннай сферы, але не ў межах «саюзнай дзяржавы». З'яўленне інфармацыі аб нейкай адзінай саюзнай вайсковай дактрыне і ёсць праява актывізацыі дзеянняў Крамля ў гэтым напрамку».