Змагайся
48- НАТАЛЛЯ РАДЗІНА
- 27.02.2016, 9:08
- 28,286
Свабоднымі сёння хочуць быць усе - і беларусы, і ўкраінцы, і расейцы.
Роўна год таму, 27 лютага, на Вялікім Маскварэцкім мосце стрэламі ў спіну подла забілі лідара расейскай апазіцыі Барыса Нямцова.
Нядаўна я прачытала словы дэпутатаў літоўскага парламента, якія ў гадавіну з дня гібелі Нямцова выступілі з ініцыятывай назваць імем героя адну з вуліц у Вільні. Яны напісалі: «Барыс дарыў веру ў тое, што Расея можа абраць шлях дэмакратыі».
Я б сказала, што Барыс Нямцоў дарыў веру ўсім нам - жыхарам былой, хоць і не да канца абрынутай «імперыі зла», што нарэшце мы будзем жыць шчасліва ў сваіх незалежных, свабодных, дэмакратычных і шчасных краінах. Ён жа быў не толькі расейскім лідарам, ён быў і беларускім, і ўкраінскім з той простай прычыны, што зычыў свабоды ўсім нашым народам.
Калі забілі Барыса, мне падалося, што забілі і маю надзею на абавязкова шчаслівы зыход гэтай барацьбы. Нямцоў быў для мяне сябрам. Мы доўга і шмат абмяркоўвалі сітуацыю ў Беларусі ды Расеі, дзяліліся турэмным досведам, абмяркоўвалі супольныя праекты і планы на будучыню.
Але самае галоўнае, што нас аб'ядноўвала, нягледзячы на розніцу ва ўзросце і досвед, які ў Барыса быў каласальным - гэта вера ў тое, што ўсё скончыцца добра. Ён верыў у простую ісціну, што дабро перамагае зло, а імкненне да свабоды здольнае разбурыць усякую дыктатуру. За гэта яго часам называлі «вялікім дзіцем», але менавіта гэта ў ім захапляла і прыцягвала.
Пасля гібелі Барыса здавалася, што знішчыўшы яго - такога смелага, моцнага, разумнага, прыгожага - задушаць усіх і ўсё. Але, нягледзячы на боль і страх, людзі прадаўжалі нешта рабіць - выходзіць на маршы, выступаць з пратэстамі, праводзіць выкрывальныя расследаванні.
Выявілася, што Барыс быў не адзін. Высветлілася, што нас - шмат.
Сэрца па Барысу будзе балець заўсёды. Але я ўвесь час думаю, што ён быў бы страшна незадаволены, калі б я апусціла рукі.
Калі столькі людзей хочуць быць свабоднымі, мы абавязкова пераможам.
Наталля Радзіна, галоўны рэдактар charter97.org