Раман Якаўлеўскі: Замест авіябазы ў Беларусі з'явяцца расейскія ракеты
24- 6.02.2016, 12:49
- 20,112
Беларусь выконвае ўсе вайсковыя дамовы з Расеяй і цалкам падтрымлівае РФ на міжнароднай арэне.
А непрызнанне анэксіі Крыма Лукашэнкам - міф, у тым ліку і на Захадзе.
Такое меркаванне выказаў палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі на Міжнароднай канферэнцыі «Беларускі дыялог», якая адбылася ў Маскве на базе вышэйшай школы эканомікі.
Найбольш цікавыя выказванні Якаўлеўскага прыводзіць Беларуская праўда.
Беларусь выконвае ўсе вайсковыя дамовы з Расеяй
- Пытанне аб расейскай базе надуманае: самалёты расейскія ў Беларусі ёсць, а базы нібыта няма. Існуюць і дзейнічаюць усе пагадненні АДКБ, а таксама двухбаковыя (але не ў рамках саюзнай дзяржавы) вайсковыя дамовы, якія Беларусь выконвае. І калі кажуць, што Беларусь нейтральная, у чымсьці не падтрымлівае Расею - гэта не так. Калі мы паглядзім хроніку галасавання ў міжнародных арганізацыях, Беларусь ЗАЎСЁДЫ падтрымлівае Расею. У тым ліку і ў дачыненні да Крыма.
Гэта надуманы, памылковы, навязаны пункт гледжання, у тым ліку і амерыканскім сябрам, што Беларусь не прызнала анэксію Крыма, роўна як не прызнала Паўднёвую Асецію і Абхазію. Гэта не праўда. Крым стаў федэральнай акругай Расеі. Што значыць - не прызнала? Беларусь не галасавала за рэзалюцыю ААН, якая асуджае анэксію Крыма. Такое галасаванне ў ААН і ёсць прызнанне анэксіі Крыма.
Калі кажуць пра расейскую авіябазу, па маім асабістым меркаванні, замест самалётаў на ёй будуць расейскія ракеты, як кітайскія ў свой час былі ў Албаніі.
Саюз палякаў - міна запаволенага дзеяння
- У Беларусі сёння дзве праблемы з суседнімі, натаўскімі, краінамі: з Літвой - атамная станцыя як інструмент ціску, з Польшчай - Саюз палякаў. Я нагадаю: прэзідэнт Польшчы Дуда, выступаючы ў Сенаце, спецыяльна акцэнтаваў увагу на неабходнасці ўзмацніць клопат пра палякаў за мяжой. Гэтае пытанне ў Беларусі не развязанае і свядома не згадваецца, хоць з'яўляецца свайго роду мінай запаволенага дзеяння.
Паводзіны Лукашэнкі нагадваюць Чаўшэску
- Паводзіны Лукашэнкі чымсьці нагадваюць паводзіны Чаўшэску, а менавіта: атрымліваць заходнія крэдыты без усялякіх рэформаў. Будучы ў Варшаўскай дамове (АДКБ - падабенства Варшаўскай дамовы), агрызацца на Крэмль, напрыклад, салідарна не ўводзіць войскі ў Чэхаславакію - вось у гэтым Лукашэнка больш нагадвае Чаўшэску. Тады такія паводзіны называлі не нацыяналізмам, а нацыянальным эгаізмам.
Аб якім нейтралітэце гаворка, калі Беларусь знаходзіцца ў АДКБ?
- На мерапрыемствах пад дахам беларускага МЗС ад заходніх экспэртаў давялося пачуць, што Лукашэнка мог гуляць нейкую ролю накшталт Ціта - гэта поўны абсурд. І там жа: NATO б задаволіла нейтральная роля Беларусі. Аб якім нейтралітэце Беларусі можа ісці гаворка, калі яна знаходзіцца ў АДКБ?