Улады Турцыі назвалі Расею «несур'ёзнай дзяржавай»
11- 6.02.2016, 15:21
- 22,219
Расея паводзіць сябе як «несур'ёзная дзяржава», што робіць стаўку на «бессэнсоўную прапаганду, неапраўданыя абвінавачванні ды падман».
Так мяркуе Ібрагім Калын, прэс-сакратар прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Таіпа Эрдагана. Такім чынам ён адрэагаваў на няўдалыя спробы звязацца з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным, паведамляе ў суботу, 6 лютага, Rambler News Service.
Калын, словы якога прыводзіць турэцкае агенцтва Anadolu, заявіў, што пасля таго, як «Расея чарговым разам парушыла паветраную прастору Турцыі», Эрдаган спрабаваў звязацца з Пуціным праз тэлефон, але «расейскі бок не рэагуе».
«Гэты факт яшчэ раз паказвае, наколькі няшчырыя апеляцыі Расеі, маўляў, чаму Турцыя абмяркоўвае гэтыя пытанні з партнёрамі, з NATO, а не з намі. З аднаго боку, Пуцін пазбягае кантакту з Эрдаганам, а з другога - заяўляе, што з намі ніхто не звязваўся», - сказаў прэс-сакратар.
У канцы студзеня Эрдаган заявіў аб неабходнасці асабістай сустрэчы з Пуціным у сувязі з магчымым парушэннем турэцкай паветранай прасторы расейскім вайсковым самалётам 29 студзеня. Пазней прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў паведаміў, што Пуціну вядома аб жаданні турэцкага лідара сустрэцца з ім. Аб рэакцыі прэзідэнта Расеі прадстаўнік Крамля не распавёў.
Раней Эрдаган неаднаразова заяўляў аб жаданні асабіста сустрэцца з расейскім лідарам. Аднак 17 снежня мінулага года падчас вялікай прэс-канферэнцыі Пуцін паведаміў, што не бачыць прычын наладжваць стасункі з Турцыяй. «З дзейным турэцкім кіраўніцтвам, як паказала практыка, нам складана дамовіцца, практычна немагчыма», - падкрэсліў Пуцін.
Стасункі Расеі ды Турцыі пагоршыліся пасля таго, як 24 лістапада 2015 года турэцкімі ВПС быў збіты расейскі бамбавік Су-24.