Пад Арэнбургам разбіўся самалёт Ан-2
9- 6.02.2016, 17:35
- 20,780
Ратавальнікі знайшлі самалёт Ан-2, які знік раніцай у Арэнбургскай вобласці Расеі.
Пра гэта паведаміла "Інтэрфаксу" крыніца ў экстраных службах.
"Самалёт знойдзены ў 20-30 кіламетрах ад горада Орска, каля пасёлка Савелаўскага на зямлі. Самалёт цалкам разбураны, загінулі тры чалавекі", - распавяла крыніца.
У ГУ МНС РФ Арэнбургскай вобласці агенцтву "Інтэрфакс-Паволжа" паведамілі, што ў суботу а 11:10 паводле маскоўскага часу ад дыспетчарскай службы мясцовых авіяліній аператыўнаму дзяжурнаму ЦУКС ГУ МНС Арэнбургскай вобласці паступіла паведамленне аб адсутнасці сувязі з самалётам Ан-2, які выляцеў з Сцерлітамаку.
Падчас неадкладных мерапрыемстваў быў вызначаны квадрат для пошуку самалёта, куды выехалі аварыйна-выратавальныя падраздзяленні. А 15:00 мск на тэрыторыі Гайскай гарадской акругі былі выяўленыя абломкі самалёта, паведамілі ў ГУ МНС.
Паводле сайта Гисметео.ру 6 лютага ўдзень у горадзе Орску прагназавалася пахмурнае надвор’е і смуга.
Інжынер у эксплуатацыі трубаправодаў даччынай структуры АК "Транснафта" і два чальцы экіпажа самалёта Ан-2 здзяйснялі аблёт трасы трубаправода ў Арэнбургскай вобласці, паведаміў раней Агенцтву нафтавай інфармацыі (АНІ) дарадца прэзідэнта трубаправоднай манаполіі, прэс-сакратар Ігар Дзёмін.