У Беларусі могуць забараніць Skype і Viber
197- 16.03.2016, 16:48
- 43,178
Лукашэнка падпісаў указ «Аб удасканаленні парадку перадачы паведамленняў электрасувязі».
У Беларусі згодна з указам Лукашэнкі ад 15 сакавіка «Аб удасканаленні парадку перадачы паведамленняў электрасувязі» створаная сістэма процідзеяння парушэнняў парадку пропуску трафіку па сетках электрасувязі, паведамляецца на нацыянальным прававым партале. Дакумент увойдзе ў дзеянне праз 6 месяцаў з дня публікацыі.
Дакумент вызначае, што карыстальнікам паслуг электрасувязі (маецца на ўвазе і інтэрнэт) забараняецца «ўжываць праграмныя і тэхнічныя сродкі, якія ў сукупнасці выкарыстоўваюцца для пераўтварэння пратаколу абмену звестак, праз якія перадаюцца галасавыя і іншыя паведамленні электрасувязі ад абанента, які робіць выклік, і перадачы гэтых паведамленняў абаненту, які прымае выклік, з выкарыстаннем абаненцкіх нумароў, якія не належаць абаненту, што робіць выклік».
У аператыўна-аналітычным цэнтры пры прэзідэнце, які ўказам абавязаны каардынаваць забарону, карэспандэнту «Радыё Свабода» паведамілі, што не ўпаўнаважаны каментаваць указ, і параілі чакаць прэс-рэлізу на сайце аператыўна-аналітычнага цэнтра ці высылаць пісьмовы запыт, на які абавязаныя адказаць цягам месяца.
Імаверна, пад такімі сродкамі маецца на ўвазе IP-тэлефанія - такі спосаб сувязі, калі праз пэўныя праграмы можна тэлефанаваць з кампутара або смартфона на звычайныя гарадскія і мабільныя нумары (што выходзіць звычайна танней, асабліва пры міжнародных выкліках).
Пад вызначэнне ва ўказе трапляюць і праграмы накшталт Skype і Viber, якія дазваляюць за плату тэлефанаваць на гарадскія і мабільныя нумары (а таксама бясплатна - паміж двума і больш карыстальнікамі праграм). Што цікава, іншы закон дазваляе весці допыты праз Skype ці Viber.
Таксама пад апісанае трапляюць сэрвісы адпраўкі SMS з сайтаў аператараў (такія маюць МТС, velcom і life:)), да незаконных могуць быць прылічаныя і крыптаўстойлівыя месэнджары, якія перадаюць паведамленні па пратаколах, якія цяжка ўзламаць (Telegram, CryptoCat, Signal). Пры жаданні пад вызначэнне можна падвесці і ананімайзеры і так забараніць у Беларусі доступ да забароненых сайтаў.
Пры выяўленні парушэнняў абаненту будуць спыняць паслугі, блакаваць пропуск трафіку тэлефаніі па IP-пратаколу (калі аператар не заблакуе - гэта будзе грубым парушэннем заканадаўства аб ліцэнзаванні), а незаконная дзейнасць «пацягне за сабой адказнасць у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі». Аператар мае права запытаць у абанента тлумачэнні ў пытаннях парушэнняў і рабіць тэставыя выклікі на падазроныя нумары.
Нацыянальны цэнтр абмену трафікам (НЦАТ) забяспечыць стварэнне і эксплуатацыю «забаронных» захадаў. Арганізацыі і фізічныя асобы павінны бясплатна аказваць НЦАТ садзейнічанне ў гэтым. Аператары ж абавязаныя інтэгравацца з праграмным комплексам НЦАТ, укладаць дамовы на платны доступ да яго і паведамляць ім аб выяўленых парушэннях.