Мікалай Статкевіч: Акцыя на Дзень Волі пройдзе ў цэнтры Менска
48- 18.03.2016, 17:40
- 41,340
Менгарвыканкам дазволіў пачаць акцыю 25 сакавіка а 18.00 ля Акадэміі Навук.
Пра тое, што ўлады дазволілі збор ля Акадэміі Навук і традыцыйны маршрут да Бангалора, «Радыё Свабода» паведаміў па выхадзе з Менгарвыканкама адзін з арганізатараў акцыі, намеснік старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў.
Аднак адзін з лідараў беларускай апазіцыі, экс-кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Мікалай Статкевіч сцвярджае, што ён і ягоныя калегі, якія ўваходзяць у аргкамітэт для святкавання Дня Волі, не згодныя пайсці на «пляцоўку для выгулу сабак».
Пра гэта Мікалай Статкевіч заявіў у інтэрв'ю charter97.org.
«Улады спадзяюцца, што апазіцыя будзе пакорліва хадзіць у парк па вузкіх ходніках вуліцы Сурганава і там агітаваць за ідэалы незалежнасці ўладальнікаў сабак.
Але мы з калегамі наважылі: гэтага больш не будзе. Трохі пазней мы збярэмся з астатнімі чальцамі аргкамітэта для арганізацыі святкавання Дня Волі і абмяркуем, які з двух варыянтаў будзем рэалізоўваць. Мы загадзя дамовіліся, што ў выпадку адмовы Менгарвыканкама ў правядзенні шэсця паводле заяўленага намі маршруту, мы рэалізуем адзін з двух варыянтаў. І ў абодвух выпадках шэсце будзе праходзіць праспектам Незалежнасці паміж Акадэміяй Навук і паркам Янкі Купалы.
Акрамя названага намі ў заяўцы маршруту ёсць другі варыянт: сабрацца ў парку Янкі Купалы і, усклаўшы кветкі да помніка нашаму нацыянальнаму генію, рушыць шэсцем праспектам Незалежнасці да афіцыйнага месца збору ля Акадэміі Навук. Гэты варыянт фармальна не парушае забароны Менгарвыканкама на шэсце праспектам Незалежнасці: мы ўскладаем кветкі да помніка і ідзем да дазволенага месца збору.
Які варыянт будзе 25 сакавіка - заяўлены ў гарвыканкам ці запасны - мы вызначым з калегамі вельмі хутка. У кожным выпадку: акцыя на Дзень Волі пройдзе ў цэнтры Менска, і яна пройдзе годна. Я думаю, што мы не абавязаныя прасіць ва ўладаў санкцыі як на ўскладанне кветак Янку Купалу, так і на праходжанне праспектам Незалежнасці да дазволенага месца збору.
Яшчэ раз заяўляю: хоць улада і спрабуе мяне раззлаваць, дасылаючы судовых выканаўцаў, у іх не атрымаецца вывесці мяне з раўнавагі. Акцыя пройдзе годна, як таго заслугоўвае гэтае нацыянальнае свята. Ва ўладаў няма не толькі гістарычнай памяці, але і элементарнага пачуцця ўдзячнасці нашым продкам: не будзь абвяшчэння БНР у 1918 годзе, яны цяпер не маглі б займаць пасады ў суверэннай дзяржаве. Але яны гэтага не цэняць і сякуць сук нашай дзяржаўнасці, на якім сядзяць. Але мы ім гэтага рабіць не дазволім», - заявіў Мікалай Статкевіч.