Указ Лукашэнкі фактычна падоўжыў пенсійны ўзрост
229- 2.03.2016, 8:29
- 36,633

Новы ўказ б'е па многіх катэгорыях грамадзян.
Указ №570 «Аб удасканаленні пенсійнага забеспячэння» ставіць людзей на грань вымірання.
Паводле гэтага ўказу, з 1 студзеня 2015 года ў Беларусі незаўважна павялічыўся мінімальны стаж для атрымання пенсіі з 10 да 15 гадоў. Калі да моманту выхаду на пенсію ў грамадзяніна не будзе ставаць стажу працы, тады тэрмін выплаты пенсіі адсоўваецца на пяць гадоў: мужчынам - да 65-гадовага ўзросту, жанчынам - да 60-гадовага. У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны патлумачылі, што гэта новаўвядзенне павінна павысіць матывацыю беларусаў працаваць доўга і легальна.
Указам прадугледжваецца прызначэнне сацыяльнай пенсіі грамадзянам, якія не дасягнулі мінімальнага працоўнага стажу, неабходнага для прызначэння працоўнай пенсіі па ўзросце, не раней дасягнення ўзросту 65 гадоў для мужчын і 60 гадоў для жанчын.
Пражыць на сацыяльную пенсію 800 тысяч беларускіх рублёў (блізу 40 даляраў ЗША) немагчыма. І не заўсёды тут віна чалавека, расказала ў эфіры «Радыё Рацыя» прадпрымальніца Валянціна Іванаўна, якая мае больш за 25 гадоў стажу, але з іх пасля выліку засталося крыху больш за 9.
«Тое, што я вучылася, у мяне выкінулі, тое, што я нарадзіла дваіх дзяцей, была ў дэкрэтным адпачынку, таксама ў стаж не пайшло. Затым працавала ў вайсковай частцы - у стаж не пайшло, таму што з 1 студзеня 1992 года пачаўся развал Савецкага Саюза, у агульны стаж гэта не ідзе. Была прадпрымальнікам гадоў пяць, а тады не было абавязковых страхавых узносаў. Затым працавала ў мужа на чвэрць стаўкі чатыры гады - у стаж пайшоў толькі адзін год», - паведаміла жанчына.
Са слоў прадпрымальніцы, фактычна гэты ўказ падаўжае пенсійны ўзрост. Яна атрымае сацыяльную пенсію і як за яе пражыць?
Гэта «ўдасканаленне» б'е і па мужчынах, якія служылі ў войску. Гэтыя гады таксама выпадаюць. Пра беспрацоўных па віне дзяржавы асобная тэма, дзе яны потым возьмуць стаж - незразумела.
Як раней паведамляў charter97.org, беларускія чыноўнікі неаднаразова заяўлялі пра неабходнасць павысіць пенсійны ўзрост.
Так, памочнік Лукашэнкі, галоўны інспектар Віцебскай вобласці Аляксандр Пазьняк заявіў, што развязанне пытання аб пенсійным узросце трэба звязаць з эканамічнай сітуацыяй.
«Трэба дакладна разумець, для чаго гэта неабходна. У аснову павінны быць пакладзены шматлікія фактары, у тым ліку працягласць жыцця, даходы і бюджэту, і Фонду сацыяльнай абароны, якія ідуць на пенсіі і г.д.
І калі, вывучыўшы ўсе гэтыя суадносіны, мы ўбачым нейкую крытычную рысу, пераступіўшы якую, будзе абвал, тады, каб гэтага не дапусціць, паступова трэба павышаць узрост выхаду на пенсію», - рэзюмаваў памочнік Лукашэнкі.