Таксіст з Горадні: Дзяржава паставіла нас на мяжу выжывання
4- 29.03.2016, 10:42
- 18,615
Гарадзенскія таксісты пратэстуюць супраць пераабсталявання таксометра.
У Горадні таксісты прдаўжаюць збор подпісаў супраць увядзення новага кантрольнага чыпа на таксометры таксовак. Подпісы збіраюць на плошчы Леніна па панядзелках, на тым самым месцы, дзе дагэтуль збіраліся дробныя гандляры і пратэставалі супраць ўвядзення ўказу №222, паведамляе «Радыё Свабода». Новы чып у таксометры дазволіць падатковай інспекцыі адсочваць у рэжыме онлайн усе перамяшчэнні таксовак.
Аб 11-й гадзіне на плошчы Леніна некалькі таксістаў з рацыяй. Яны звязваюцца са сваімі калегамі і паведамляюць, што на плошчы Леніна прадаўжаецца збор подпісаў супраць увядзення кантрольнага чыпа на таксометры таксовак. На адказ гучыць: «Прыеду», «Цягам паўгадзіны буду», «Мы накіравалі свайго прадстаўніка, ён вязе адразу некалькі подпісаў».

Напраўду, праз некаторы час пачынаюць пад'язджаць людзі і падаюць сабраныя подпісы тым, хто іх збірае на плошчы. Сярод арганізатараў Сяргей Верамеенка, таксіст з досведам, актыўны сябра БХД, мае пэўны досвед такой працы.
Верамеенка кажа, што цягам працоўнага дня таксісту складана бывае трапіць на плошчу, але амаль у кожнай фірмы ёсць актывісты, якія збіраюць подпісы самі і прывозяць іх на плошчу.
«У мяне цяпер з сабой ужо больш за дзвесце подпісаў. Вось бачыце, тут аддаюць хто па дзесяць, хто па некалькі подпісаў. Вядома, гэта павінна было б выглядаць інакш, каб уся плошча была застаўленая аўто, але многія людзі баяцца. Баяцца страціць нават тое, што маюць», - распавядае Верамеенка.

Вось блізу дзясятка подпісаў Верамеенку перадаў Віктар. Ён распавядае, што ягоныя калегі пераважна ўсе паставяць свае подпісы, бо ніхто цяпер не можа раскашэліцца і ставіць за свае грошы новы кантрольны чып на таксометры.
«Мяне дэлегавалі мае калегі, я прынёс восем подпісаў. Хачу сказаць, што наша прафесія ўжо не прыносіць ніякага прыбытку, мы проста выжываем. А яшчэ праз пару гадоў, калі аўтамабіль больш зносіцца, то мы не зможам нават і выжываць і тым больш карміць сям'ю. У мінулым месяцы я зарабіў 12 мільёнаў і восем з паловай у мяне вылічылі на рознага кшталту падаткі і адлічэнні. На тры з паловай мільёны мне трэба карміць сям'ю, а жонка не працуе. Трэба заправіць аўто і хоць нешта адарваць ад гэтай сумы на яе абслугоўванне. А дадайце сюды яшчэ выплату за крэдыт на кватэру, падаражанне камунальных паслуг. Ну як быць у такой сітуацыі? Я і збіраю гэтыя подпісы, каб улады пачулі нас», - дзеліцца Віктар.
Мікалай прыйшоў сам на плошчу паставіць свой подпіс. Кажа, што ён індывідуальны прадпрымальнік, адпрацаваў таксістам некалькі гадоў, але цяпер у стадыі закрыцця прадпрымальніцкай дзейнасці.
«Я ліквідую сваю дзейнасць, бо не стае на выплаты на падаткі і іншае, а тут яшчэ дадалі новыя выдаткі. Людзі на сайтах злосна пішуць, што каб наша дзейнасць была стратнай, то яны б не працавалі. Я хачу ім растлумачыць, што цяпер большасць таксістаў са сваіх даходаў могуць пакуль яшчэ аплаціць падаткі і рознага кшталту выплаты, але нават на лёгкае абслугоўванне машыны грошай ужо не хапае. А калі кіроўца сутыкаецца з неабходнасцю рамонту аўтамабіля, калі адразу трэба выкінуць $300-400, гэта становіцца не пад сілу, вось дзейнасць і спыняецца», - распавядае прадпрымальнік.

А вось Станіслаў прынёс таксама ліст, запоўнены подпісамі сваіх калегаў.
«Ведаеце, сітуацыя зусім цяжкая, нам зусім няма куды дзявацца, не можам мы ўжо працаваць з такімі выплатамі, нам трэба спыняць працу. Усе нашы хлопцы так кажуць. Я асабіста часта падзарабляю на іншых работах, бо калі аўтамабіль зламаецца, то рэальна няма грошай на яе рамонт. Так, як у нас, не абкладваюць таксістаў ні ў адной з суседніх краін. Яны павінны падумаць пра нас, бо калі не стане таксістаў, то яшчэ менш падаткаў у бюджэт будуць атрымліваць», - мяркуе Станіслаў.
Аляксей, яшчэ малады чалавек, кажа, што не так даўно адслужыў у войску, ёсць сям'я, дзіця.
«Атрымліваецца, калі нам паставіць гэтыя новыя чыпы, то месяц не будзе грошай на тое, каб нават хлеб купляць. А за што тады жыць, у мяне маленькае дзіця, як яго тады карміць і што яму сказаць, што я замяніў таксометр? Дзяржава нас не разумее і не хоча разумець, ёй здаецца, што мы зарабляем поўныя кішэні грошай, але ж гэта не так. У нас усе мае калегі ставяць подпісы. Трэба даць зразумець людзям ва ўладзе, якія рэальна ў нас заробак і як мы жывем. Хай сядуць на наша месца і паспрабуюць», - кажа Аляксей.
Нагадаем, устаноўка сродкаў кантролю падатковых органаў у аўтамабілях-таксоўках прадугледжаная супольнай пастановай Савета міністраў і Нацыянальнага банка. Яна тычыцца індывідуальных прадпрымальнікаў і арганізацый, якія вядуць пасажырскія перавозкі таксоўкамі.
Мяркуецца, што кантрольныя органы змогуць адсочваць у рэжыме онлайн усе паездкі аўтамабіля-таксоўкі, а тым самым кантраляваць і прыбытак таксістаў.