18 лiстапада 2024, панядзелак, 8:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юрый Бандажэўскі: Наступствы Чарнобыля прызнаваць не выгадна

4
Юрый Бандажэўскі: Наступствы Чарнобыля прызнаваць не выгадна
Юрый Бандажэўскі

Беларускі навуковец мяркуе, што ахвяры аварыі не атрымалі эфектыўнай дапамогі, а ўлады яшчэ і спрабуюць зэканоміць на тых, хто пацярпеў ад радыяцыі.

Улады Беларусі і Украіны паступова павялічваюць плошчу тэрыторый, дзе пасля аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі дазваляецца пражываннеі некаторыя тыпы гаспадарчай дзейнасці. Так, згодна са студзеньскай пастановай Саўміна РБ, з 2016 года з ліку тэрыторый, забруджаных радыяцыяй, выключаныя яшчэ 203 населеныя пункты. Цяпер за пацярпелых уважаюцца 2193 населеныя пункты, дзе пражывае блізу 1,1 мільёна беларусаў.

Паводле звестак Мінэкалогіі Украіны, зона адчужэння з забаронай на пражыванне таксама будзе абмежаваная 10-кіламетровым радыусам, а за межамі 30-кіламетровай зоны ЧАЭС - у 2-й і 3-й зонах, дзе раней дапускалася толькі вымушанае і добраахвотнае перасяленне, будзе дазволена жыць.

Кіраўнік кіеўскага Каардынацыйнага аналітычнага цэнтра "Экалогія і здароўе", доктар медыцынскіх навук Юрый Бандажэўскі ацаніў сітуацыю ў рэгіёне праз 30 гадоў пасля выбуху рэактара на Чарнобыльскай АЭС, паведамляе Deutsche Welle. Цэнтр займаецца праблемамі ўплыву радыяцыі на арганізм чалавека і распрацоўкамі мерапрыемстваў для змяншэння яе шкоды.

- Наколькі цяпер бяспечная для здароўя пражываючых абстаноўка ў рэгіёнах вакол Чарнобыля?

- Я мяркую, што і праз тры дзясяткі гадоў пасля аварыі на ЧАЭС сітуацыя не змяніласянастолькі, каб можна было бесклапотна пражываць і весці сельскагаспадарчую дзейнасць на гэтых тэрыторыях. Так, радыяцыйны фон цэзію-137 і стронцыю-90, якія валодаюць перыядам паўраспаду блізу 30 гадоў, сапраўды паменшыўся. Але прадуктам паўраспаду цэзію з'яўляецца барый, які практычна не выводзіцца з клетак.

Небяспека ж палягае ў тым, што для прычынення шкоды здароўю досыць сталага ўздзеяння радыеактыўных элементаў, як гэта і было цягам многіх гадоў. Можна колькі заўгодна казаць, што радыеактыўны фон зменшыўся, і калі з дазіметрам па паверхні прайсціся, можна сказаць - усё добра. Але радыёнукліды мігравалі ў тоўшчу глебы, яны трапляюць па біялагічных ланцужках у расліны, арганізмы жывёл і чалавека, паражаюць клеткі жыццёва важных органаў. Гэта імкнуцца не ўлічваць тыя, хто кажа аб бяспечным пражыванні на тэрыторыях, пацярпелых ад аварыі на АЭС.

- Якія захворванні найбольш характэрныя ў рэгіёнах, блізкіх да Чарнобыля?

- Змены, якія адбываюцца ў арганізме чалавека пад уплывам радыеактыўных элементаў, разам з калегамі я пачаў вывучаць на пятым годзе пасля выбуху на ЧАЭС, калі працаваў у Беларусі і арганізаваў медыцынскі ўніверсітэт у Гомелі. Тады мы фіксавалі сур'ёзныя паталогіі ўнутраных органаў - галаўнога мозгу, сэрца, эндакрыннай сістэмы, якія можна было ацэньваць як вынік наўпроставага радыётаксічнага ўздзеяння. Але афіцыйныя структуры не хацелі звязваць прычыну і наступствы. А між тым у Веткаўскім раёне Беларусі памерлі многія з дзяцей, якіх мы назіралі ў 1993-1995 гадах.

Радыёнукліды правакуюць парушэнні генетычнага апарата клетак, які забяспечвае нармальны рост тканін. Напрыклад, у Іванкаўскім раёне, размешчаным побач з Чарнобыльскай станцыяй, і на беларускім Палессі ў абследаваных цэнтрам "Экалогія і здароўе" дзяцей адзначаны вельмі высокі ўзровень метабалічных працэсаў, якія сведчаць аб наяўнасці розных паталогій. А ў дарослых, якія пражываюць там, рэгіструецца высокі ўзровень анкалогіі.

Трэба ўлічваць, што ахвярамі ўздзеяння могуць быць і тыя, хто пражывае на значных адлегласцях ад ЧАЭС, але атрымлівае адтуль прадукты харчавання. У Беларусі пасля аварыі ў Чарнобылі нейкія разумнікі прыдумалі змешваць "чыстыя" прадукты з "бруднымі". У Гомельскай вобласці для атрымання сельгаспрадукцыі спачатку таемна, а потым адкрыта выкарыстоўваліся забруджаныя землі, збожжам адтуль кармілі жывёлу. Прадукты з рэгіёну і цяпер дастаўляюцца па ўсёй рэспубліцы. Цяпер жа справа дайшла да таго, што самі гэтыя тэрыторыі пераводзяць у разрад "чыстых" і эканомяць на сацыяльных выплатах.

- Наколькі эфектыўна ўкараняюцца на практыцы распрацоўкі мерапрыемстваў у змяншэнні шкоды радыяцыі на арганізм чалавека?

- Чым больш я вывучаю наступствы Чарнобыльскай катастрофы, тым больш разумею бездапаможнасць навукоўцаў, якія могуць толькі канстатаваць наяўнасць праблем праз 30 гадоў пасля выбуху на ЧАЭС. Так, мы спрабуем дапамагчы хворым на рак дзецям у рамках праграм, якія фінансуе Еўразвяз. Але мы не можам эфектыўна дапамагаць усім ахвярам аварыі і папярэджваць узнікненне захворванняў. Для гэтага трэба іншы падыход, а ўлады зусім не рэагуюць на заклікі абараняць здароўе людзей.

Я задаю сабе гэтае пытанне - што рабіць? Каб генетычныя парушэнні не выяўляліся, трэба адсяляць велізарную колькасць людзей, карміць іх ідэальна чыстай прадукцыяй, якая не толькі не змяшчае радыеактыўных элементаў, але і прадуктаў іх распаду. Гэта практычна немагчыма на тэрыторыях бедных карумпаваных краін. Улады ж не зацікаўленыя ў тым, каб устанаўлівалася якая-небудзь сувязь паміж захворваннямі і радыяцыйным фактарам, хоць ён ёсць і будзе існаваць.

Прызнаваць гэта нявыгадна, няма грошай. Тым больш у Беларусі, дзе ў Астраўцы будуецца атамная электрастанцыя. Думаю, што гэтая задума можа прынесці шмат гора. Такую выснову я раблю з сітуацыі на ўкраінскім і беларускім Палессі, дзе людзі пацярпелі і будуць яшчэ дзясяткі гадоў пакутаваць ад наступстваў катастрофы на ЧАЭС.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках