Akute дасць у Менску канцэрт на прапанову слухачоў
- 5.04.2016, 14:23
- 2,998
На сваім сольным канцэрце 22 красавіка ў Менску музыкі выканаюць тыя песні, якія абяруць іх прыхільнікі.
Напярэдадні выступу ў клубе «ILI», Akute прапанавалі слухачам самім вызначыць, якія песні на ім прагучаць. Вызначэнне «народнага сэт-ліста» будзе праходзіць такім чынам: да 12 красавіка кожны ахвотны можа назваць да пяці песень гурта, якія абавязкова хоча пачуць. Усе прапановы будуць уключаныя ў галасаванне. Паводле ягоных вынікаў 15 трэкаў, што набяруць большасць галасоў, абавязкова ўвойдуць у сэт-ліст канцэрта.
Вакаліст Akute Стас Мытнік прызнаўся, што некалькі ягоных самых любімых песень гурта яшчэ не былі пачутыя іншымі. Яны ўваходзяць у новы альбом, над якім цяпер ідзе праца. А з вядомых Стас прызначае «З неба не дастаць», «Ціха, як мая смерць», «Твае анёлы». Аўтар большасці твораў, басіст гурта Раман Жыгараў назваць канкрэтныя песні не бярэцца: «За ўвесь час сабралася вялікая колькасць твораў. Мне не сорамна ні за адзін з іх. Таму, з аднолькавым задавальненнем я выконваю абсалютна ўсе нашы песні», - адзначыў музыка ў інтэрв'ю tuzin.fm.
Свае прапановы наконт песняў можна пакідаць на старонцы падзеі.