Мікалай Статкевіч: Беларускі нацыянальны кангрэс - гэта пачатак аб'яднання апазіцыі (Відэа, онлайн)
43- 15.05.2016, 11:56
- 33,787
У Менску прайшоў Беларускі нацыянальны кангрэс.
Акцыя пачалася 15 траўня а 12 гадзіне каля помніка Янку Купалу ў цэнтры Менска.
Улады адмовілі арганізатарам Беларускага нацыянальнага кангрэса ў памяшканні, таму пастанавілі правесці акцыю на вольным паветры.
Аргкамітэт заклікаў грамадзян прыйсці падтрымаць дэлегатаў кангрэсу ў іх барацьбе за права на мірныя сходы. Таксама арганізатары запрасілі на Кангрэс замежных дыпламатаў.
Аргкамітэт абвясціў мэтай кангрэса аб'яднанне апазіцыйных дэмакратычных сіл.
Падчас акцыі ў скверы Янкі Купалы Беларускі нацыянальны кангрэс быў абвешчаны сталадзейным аб'яднаннем апазіцыі. Паўнамоцтвы аргкамітэта кангрэса будуць перададзеныя Радзе БНК. «Гэта яшчэ не поўнае аб'яднанне апазіцыі, гэта пачатак працэсу», - сказаў ініцыятар правядзення кангрэса Мікалай Статкевіч.
У аргкамітэт увайшлі вядомыя палітычныя лідары Беларусі: экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года Мікалай Статкевіч, паэт і палітык Уладзімір Някляеў, першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, старшыня прафзвязу радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч, лідар руху «Разам» Вячаслаў Сіўчык, сустаршыня «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч, лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Андрэй Саннікаў.
13:00 Мікалай Статкевіч падзякаваў усім удзельнікам БНК. Устаноўчая сесія Беларускага нацыянальнага кангрэса абвешчаная закрытай.
00:59 Някляеў заявіў, што аргкамітэт Беларускага нацыянальнага кангрэса перадае свае паўнамоцтвы Радзе БНК.
00:56 Статкевіч заявіў, што хаця ў краіне няма свабодных выбараў, большасць дэмакратычных арганізацый пастанавілі ў іх удзельнічаць. Палітык зноў заклікаў стварыць адзіны спіс кандыдатаў ад апазіцыі.
12:55 Статкевіч абвясціў Беларускі нацыянальны кангрэс сталым дзейным аб'яднаннем апазіцыі. Абвешчана аб сталай дзейнасці Рады БНК. «Гэта яшчэ не поўнае аб'яднанне апазіцыі, гэта пачатак працэсу», - сказаў Статкевіч.
Удзельнікі кангрэса аднагалосна прагаласавалі за гэтую прапанову.
12:51 Статкевіч прапанаваў удзельнікам кангрэса разгледзець дакументы.
12:50 Зноў выступае Уладзімір Някляеў. Паэт і палітык адзначае, што сёння апазіцыі важна выпрацаваць стратэгію і дзейнічаць усім разам.
«Як казаў яшчэ адзін беларускі паэт, які нядаўна сышоў ад нас, «ва ўсіх з нас баліць сэрца за Беларусь, але ўся розніца ва ўзроўні болю». Дзякуй усім, хто прыехаў на кангрэс з рэгіёнаў, нягледзячы на магчымыя рэпрэсіі», - сказаў Някляеў.
12:45 Выступае кіраўнік руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык. Ён сказаў, што галоўная мэта кангрэса - пачаць працэс аб'яднання апазіцыі. Палітычную сітуацыю ён ахарактарызаваў так: «Нас усіх прымусілі жыць у прыгоне». Час кожнага прыгону заканчваецца, скончыцца і лукашэнкаўскі прыгон.
«Давайце верыць у тое, у што верылі нашыя продкі, у тое, што давала ім сілы. У свеце ёсць справядлівасць. Мы стаім сёння ў святым месцы - наш паэт Янка Купала аддаў талент і жыццё свайму народу. Ад нашага нацыянальнага прарока і застаўся наш лозунг «Жыве Беларусь!», - сказаў Сіўчык.
12:37 Выступае кіраўнік прафзвязу РЭП Генадзь Фядыніч. Прафзвязны лідар распавёў аб гаротным становішчы беларускіх прадпрыемстваў, значным зніжэнні заробкаў, беспрацоўі, ціску як на рабочых, так і на дырэктараў з боку ўладаў.
«Ці такую краіну мы хацелі? Кантракты запалохалі ўсіх, і людзі, якія нават супраць, яны як у палоне. Нам патрэбныя сёння рэформы, але ўлады іх баяцца, бо страцяць уплыў на рабочых. Што рабіць? Рассмокчацца? Не! Мы робім першы крок, каб пачаць працэс перамен», - сказаў Фядыніч.
12:33 Адкрыў кангрэс Станіслаў Шушкевіч. Ён адзначыў, што нават міліцыянты, якія сёння сочаць за кангрэсам, супраць таго, што адбываецца сёння ў Беларусі, а кіраўніку МУС даўно пара сысці ў адстаўку. Паводле ягоных слоў, паводле колькасці міліцыянтаў Беларусь сёння займае першыя месцы ў свеце. Шушкевіч вітаў усіх удзельнікаў Кангрэсу, адзначыўшы, што сёння трэба найперш процідзейнічаць фальсіфікацыі выбараў.
12:29 Ля помніка выступіў з мегафонам паэт і палітык Уладзімір Някляеў. Ён заклікаў апазіцыю да аб'яднання.
12:27 Прыйшоў першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч. Ён заявіў, што рады, што на Кангрэс прыйшло так шмат людзей.