Памёр беларускі тэлерэжысёр і прадусар Уладзімір Ісат
3- 20.06.2016, 11:16
- 9,941

ФОТА: MEDIANANNY.COM
Рэжысёр апошнія гады працаваў ва Украіне.
У ноч на нядзелю памёр вядомы беларускі тэлевізійны рэжысёр Уладзімір Ісат, паведамілі БелаПАН ва ўкраінскай кампаніі FILM.UA Grouр, дзе ён апошнім часам працаваў.
«Так, на жаль, гэта праўда», - сказала прадстаўнік FILM.UA Grouр Алёна Старадубава.
Уладзімір Ісат нарадзіўся ў 1956 годзе ва Уладзівастоку. Скончыў Ленінградскі дзяржаўны інстытут тэатра, музыкі і кінематаграфіі, доўгі час працаваў на беларускай тэлевізіі, у Белтэлерадыёкампаніі. У 2006 годзе разам з калегай Надзеяй Гаркуновай за навагодняе тэлевізійнае шоў «У гасцях у Дзеда Мароза» ўзяў «Тэлевяршыню» як найлепшы рэжысёр.
На Украіне працаваў сцэнарыстам і рэжысёрам. Пры яго ўдзеле выйшлі серыялы «Сэрцу не загадаеш», «Суседзі», «Дарога ў пустэчу», «Пастка», «Жаночы доктар», «Жаночы доктар-2» і іншыя.
Пахаваюць Уладзіміра Ісата ў аўторак, 21 чэрвеня, у Менску. Украінская Студыя FILM.UA рыхтуе транспарт для паездкі ў беларускую сталіцу, каб усе ахвочыя развітацца з прадусарам, змаглі гэта зрабіць.
charter97.org далучаецца да шматлікіх спачуванні родным і блізкім Уладзіміра Ісата.