Салашэнка: Без радыкальных захадаў Крым не вярнуць
- 21.06.2016, 10:06
- 7,397
ФОТА: PRESIDENT.GOV.UA
Расея не можа змірыцца з тым, што частка Савецкага Саюза скончыла з мінулым і ідзе сваім шляхам.
Вызвалены з палону акупантаў украінец Юрый Салашэнка мяркуе, што пакуль не скончыцца пуцінская эра, нічога добрага не будзе ў Расеі. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю «Радио Свобода».
«Разумееце, калі няма перспектывы і надзеі, што вось сёння дрэнна, а заўтра маім дзецям і ўнукам будзе лепш, - гэта вельмі цяжка. Пакуль не скончыцца гэтая пуцінская эра, нічога добрага адназначна не будзе. Уладу ён умацаваў і не аддасць яе», - адзначыў Салашэнка.
З яго слоў, прапаганда ў РФ вельмі моцна працуе. «І, на жаль, на некаторыя розумы яна мае ўздзеянне. Асабліва Дзмітрый Кісялёў, Пётр Талстой, які у «Время покажет» кажа: «Частка Расеі, якая называецца Украінай». За гэта саджаць трэба, на маё месца яго ў Лефортава пасадзіць. ён ужо вырашыў, што гэта частка Расеі, якая называецца Украінай», - падкрэсліў Салашэнка.
Ён уважае, не можа «ніяк гэтая імперыя змірыцца з тым, што частка Савецкага Саюза скончыла з мінулым і ідзе сваім шляхам». «Абавязкова ў іх трэба папытацца: «А ці можна нам у Еўропу, дазвольце, Уладзімір Уладзіміравіч». Ужо гэтага не будзе ніколі. Але баюся, што без радыкальных захадаў Крым не вярнуць. Ён сам там ляжа касцямі, але не аддасць», - перакананы Салашэнка.
Салашэнка раней заяўляў, што ў Расеі разлічваць на нейкі гуманізм не даводзіцца.
Расея акупавала Аўтаномную рэспубліку Крым ў 2014-м годзе. Вярхоўная Рада Украіны афіцыйна абвясціла 20 лютага 2014 пачаткам часовай акупацыі Крыма і Севастопаля Расеяй. Ключавыя міжнародныя арганізацыі, у тым ліку Генеральная асамблея ААН, асудзілі дзеянні Расеі і назвалі анэксію і акупацыю Крыма незаконнай. Супраць РФ былі ўведзеныя эканамічныя санкцыі.