13 студзеня 2026, aўторак, 3:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кіраўнік амерыканскага джаз-бэнда Ambassadors: Мы закахаліся ў беларусаў

У Менску выступіў амерыканскі джаз-бэнд, які з'яўляецца часткай аркестра Вайскова-паветраных сілаў ЗША ў Еўропе.

Аркестр, заснаваны ў 1945 годзе, базуецца на нямецкай авіябазе Ramstein.

Аркестр называюць «музычнымі амбасадарамі ЗША». У Менску ён вітаў ветэранаў Другой сусветнай вайны, жаўнераў-афганцаў, а таксама ліквідатараў катастрофы на Чарнобыльскай атамнай станцыі, паведамляе «Радыё Свабода».

Як распавёў журналістам падпалкоўнік Майкл Менч (Michael Mench), кіраўнік аркестра Вайскова-паветраных сілаў ЗША ў Еўропе, аркестр выступае не толькі ў Еўропе, але і ў Афрыцы. Гэта падтрымка вайсковых традыцый, музычнае афармленне цырымоніі і сацыяльна значных падзей, якія датычныя да вайсковай справы, а таксама ўзнагароджанне ветэранаў і жаўнераў з розных краін.

- Менчукі ўжо высока ацанілі ваш выступ каля Ратушы, а якія вашы ўражанні ад Беларусі, ад людзей?

МАЙКЛ МЕНЧ

- Гэта другі раз, калі мы ў Беларусі. Першы раз быў летась, калі мы ўдзельнічалі ў парадзе ў гонар 70-годдзя перамогі, а таксама выступалі ў Берасцейскай крэпасці і ў музеі Вялікай Айчыннай вайны. То быў наш першы раз, калі мы сустрэлі людзей з Беларусі, і мы проста закахаліся ў іх праз іх гасціннасць. Сёлета нас запрасілі зноў, каб мы зрабілі тыя ж самыя рэчы. І гэта проста неверагодна. Што асабліва незвычайна для мяне і для ўсяго джаз-бэнда - гэта мець шанец сустрэць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны тут у Беларусі. У ЗША мы ўзнагароджваем нашых ветэранаў, якія ўдзельнічалі ў Другой сусветнай вайне, але мы маем магчымасць далучыцца да святкавання і ў краінах-саюзніках.

- Якая наогул місія аркестра Вайскова-паветраных сіл ЗША?

- Гэта падтрымка вайсковых традыцый, музычнае афармленне цырымоній і сацыяльна значных падзей. Таксама мы супрацоўнічаем з рознымі краінамі і людзьмі, таму што мы выкарыстоўваем музыку для таго, каб аб'ядноўваць людзей. Нам нават не патрэбна мова. Мы хочам пашыраць супрацоўніцтва ва ўсім свеце і выкарыстоўваем для гэтага музыку.

- Як вы ставіцеся да Беларусі з вайсковага пункту гледжання? Гэта незалежная краіна або частка вайсковай моцы Расеі?

- Наш джаз-бэнд у захапленні ад магчымасці прыехаць у Беларусь. Адбылося гэта дзякуючы Міністэрству замежных спраў і Міністэрству абароны Беларусі. Мы прыехалі таксама і на запыт ад нашай амбасады тут, у Менску. Наша асноўная задача - святкаваць разам з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, афганцамі і ліквідатарамі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Але што тычыцца палітычных стасункаў паміж ЗША і Беларуссю, я б хацеў пакінуць гэтае пытанне для амбасадара - гэта яго сфера.

- Ці ведаеце вы якіх-небудзь беларускіх музыкаў? Можа чулі пра беларускага дырыжора Міхаіла Фінберга?

- На жаль не. Я спрабаваў знайсці інфармацыю аб вядомых беларускіх музыках да таго, як мы прыехалі, але не знайшоў. Але летась мы знайшлі беларускага кампазітара, які жыве ў ЗША. Ён напісаў для нас музычны твор, поўны беларускіх нацыянальных матываў. Мы выконвалі гэты твор летась у Беларусі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках