13 студзеня 2026, aўторак, 3:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Салігорскія «дэпутаты» не хочуць даваць справаздачу аб сваёй «рабоце»

2
Салігорскія «дэпутаты» не хочуць даваць справаздачу аб сваёй «рабоце»

«Савет дэпутатаў» усяляк пазбягае прынцыпу адкрытасці і галоснасці, які прапісаны ў яго рэгламенце.

Салігорскі раённы «савет дэпутатаў» ухіляецца ад правядзення сесій у адпаведнасці з прынцыпамі адкрытасці і галоснасці. Да такой высновы прыйшоў рэгіянальны прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага Камітэта Леанід Мархотка пасля перапіскі са старшынёй «савета» Лідзіяй Клішэвіч, паведамляе ПЦ «Весна».

Як паведамляў раней сайт charter97.org, яшчэ ў траўні Мархотка дамогся публікацыі рэгламенту працы мясцовага «савета дэпутатаў» у адкрытым доступе. Тады высветлілася, што згодна з закладзенымі ў рэгламенце прынцыпамі адкрытасці і галоснасці на сесіях «савета» могуць прысутнічаць прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў.

- Як рэгіянальны прадстаўнік афіцыйна зарэгістраванага Рэспубліканскага праваабарончага грамадскага аб'яднання «Беларускі Хельсінкскі Камітэт» я накіраваў у «савет дэпутатаў» зварот з просьбай падаць мне магчымасць прысутнічаць на сесіях, загадзя паведамляючы пра час і месца правядзення чарговай сесіі, - кажа Леанід Мархотка.

- На свой запыт я атрымаў ад старшыні «савета» Лідзіі Клішэвіч досыць дзіўную прапанову загадзя вызначыцца з пэўнай сесіяй, каб «савет» мог прыняць пастанову аб маім запрашэнні на яго. У адпаведнасці з гэтым афіцыйным тлумачэннем я адправіў ліст пра сваё жаданне прысутнічаць у якасці прадстаўніка грамадскага аб'яднання на кожным чарговым пасяджэнні сесіі «савета».

Аднак запрашэння на пасяджэнні сесіі «савета» салігорскі праваабаронца так і не дачакаўся. Замест адказу фактычна Леанід Мархотка атрымаў прапанову адсочваць інфармацыю аб правядзенні адкрытых пасяджэнняў у публічнай прасторы.

- Фактычна «савет дэпутатаў» ухіліўся ад выканання задэклараваных у сваім жа рэгламенце прынцыпаў адкрытасці і галоснасці. Пры жаданні можна ж проста на электронную скрыню даслаць адпаведнае паведамленне. Усё ж дваццаць першае стагоддзе на двары, і я не мінак з вуліцы, а прадстаўнік грамадскасці, - заўважае праваабаронца. - Але бачыць незалежнага назіральніка на сесіях «дэпутаты», як відаць, жадання не праяўляюць. Замест гэтага дасылаюць мне лісты з вытрымкамі з заканадаўства, пра якія іх ніхто не прасіў. Паспрабуем з гэтай нагоды звярнуцца са скаргай у абласны «савет». Магчыма, там да прынцыпу адкрытасці і галоснасці паставяцца больш адказна.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках