Мінэканомікі: Тарыфы паслуг ЖКГ могуць вырасці ўжо да канца гэтага года
16- 21.06.2016, 13:33
- 10,125
Гэта звязана з жаданнем уладаў атрымаць ад МВФ крэдыт $3 мільярды.
Міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі распавёў пра спрэчныя моманты ў перамовах паміж уладамі Беларусі і Міжнародным валютным фондам. Як вядома, з 21 чэрвеня ў нашай краіне пачынае працаваць чарговая місія МВФ. Улады Беларусі спадзяюцца атрымаць крэдыт сумай блізу 3 млрд даляраў, але замежныя экспэрты раяць праводзіць маштабныя рэформы ў беларускай эканоміцы.
Пра гэта сёння журналістам заявіў міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі, паведамляе БелТА. Запланаваная сустрэча Уладзіміра Зіноўскага з місіяй Міжнароднага валютнага фонду, якая працуе ў Беларусі да 30 чэрвеня.
«Мы ўсё ж разлічваем паводле вынікаў перамоваў выйсці ўжо на канкрэтнае абмеркаванне будучай праграмы, - адзначыў міністр. - Мы зацікаўленыя ў гэтай праграме, але нам неабходна паглядзець глыбей на наша эканамічнае развіццё. Што мы і робім з партнёрамі па Міжнароднаму валютнаму фонду».
Закранаючы асноўныя палажэнні папярэдніх намераў у праграме, Уладзімір Зіноўскі падкрэсліў, што яны ў асноўным выконваюцца. Але ёсць некалькі спрэчных момантаў, у якіх Беларусі і МВФ неабходна знайсці агульныя падыходы. «Калі мы прымаем пастанову аб падвышэнні тарыфаў ЖКГ, мы павінны вызначыць у гэтым плане, як мы будзем кампенсаваць павелічэнне такіх тарыфаў для найбольш бедных слаёў насельніцтва. Безумоўна, гэта павінна быць увязанае, і людзі не павінны пацярпець ад такога павышэння», - растлумачыў міністр.
На гэты момант насельніцтва аплачвае ў сярэднім блізу 40% сабекошту ўсіх паслуг ЖКГ. Уладзімір Зіноўскі нагадаў аб планах давесці гэты паказчык да 100% да канца 2018 года, у асноўным за кошт зніжэння энэргетычных затрат прадпрыемстваў і жыллёва-камунальных арганізацый.
Ён не выключыў, што ў канцы гэтага года пры зніжэнні выдаткаў можа быць невялікае падвышэнне тарыфаў ЖКГ, і беларусы такім чынам стануць аплачваць 50% ад кошту жыллёва-камунальных паслуг.