Расейцы затрымалі 19 тон беларуска-ўкраінскай трускалкі
12- 21.06.2016, 14:43
- 4,690
У дачыненні да перавозчыка распачатая справа аб адміністрацыйным правапарушэнні.
Супрацоўнікі мытні ў Смаленскай вобласці затрымалі транспартны сродак, які перавозіў свежую трускалку агульнай вагой 18,7 тоны, пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы РФ, паведаміў interfax.by галоўны дзяржаўны мытны інспектар Смаленскай мытні Уладзімір Сафонаў.
Са словаў Сафонава, затрыманы транспартны сродак належыць беларускаму перавозчыку.
«У якасці суправаджальных дакументаў кіроўца падаў чысты бланк СМR (міжнародная таварна-транспартная накладная - ІФ) са штампамі перавозчыка і таварна-транспартную накладную, згодна з якой адпраўніком, атрымальнікам і перавозчыкам грузу з'яўляецца адна і тая ж беларуская фірма», - адзначыў інспектар.
Дагляд грузу, праведзены супольна з супрацоўнікамі Рассельгаснагляду дазволіў высветліць, што згодна з наяўнай на тары і паддонах маркіроўкай краінай паходжання трускалкі з'яўляецца Украіна.
Гэты тавар з'яўляецца «санкцыйным» і забароненым да ўвозу ў Расею. Смаленскай мытняй у дачыненні да перавозчыка распачатая справа аб адміністрацыйным правапарушэнні паводле ч.2 арт.16.3 КаАП РФ.
Нагадаем, прадуктовае эмбарга РФ у дачыненні да ўкраінскіх тавараў дзейнічае з 1 студзеня 2016 года.