Навукоўцы раскрылі чарговы сакрэт піраміды Хеопса
17- 21.06.2016, 14:56
- 7,411
Піраміда Хеопса з'яўляецца адзіным з сямі цудаў свету, якія захаваліся дагэтуль.
Піраміда Хеопса ў Гізе (Егіпет) перакасілася: яе падмурак утвораны няправільным чатырохкутнікам. Навукоўцы звязваюць гэта з магчымай памылкай будаўнікоў. Даследаванне апублікаванае ў археалагічным бюлетэні Aeragram, коратка пра яго паведамляе выданне Live Science (пераклад - lenta.ru).
Навукоўцы прааналізавалі размяшчэнне 84 выяўленых на пірамідзе метак. Іх, як мяркуюць археолагі, егіпцяне выкарыстоўвалі для ўзвядзення старажытнага помніка.
Даўжыні заходняга і ўсходняга бакоў падставы ацанілі пры дапамозе лінейнага рэгрэсійнага аналізу. Пры гэтым навукоўцы высветлілі, што даўжыня першай складае 230,378-230,436 метра, а другі - 230,295-230,373 метра. Такім чынам заходні бок падставы піраміды можа быць на 14,1 сантыметра даўжэйшы за ўсходні.
Нягледзячы на адрозненні, навукоўцы высока ацэньваюць інжынернае мастацтва старажытнаегіпецкіх будаўнікоў і ўважаюць выяўленую хібнасць за нязначную.
Піраміда Хеопса пабудаваная больш за 4,5 тысяч гадоў таму і з'яўляецца найбуйнейшым такога кшталту помнікам Старажытнага свету. Да XIV стагоддзя нашай эры яна заставалася самым высокім збудаваннем у свеце (блізу 147 метраў). Піраміда з'яўляецца адзіным з сямі цудаў свету, якія захаваліся дагэтуль.