Bild: Расея вядзе таемную вайну супраць чэмпіянату Еўропы ў футболе
6- 21.06.2016, 15:04
- 16,488
Беспарадкі пасля матчу Расея-Англія ў Марсэлі ствараюць «уражанне падрыхтаванай палітычнай акцыі».
Амерыканскі экспэрт у бяспецы, былы афіцэр контрвыведкі Джон Шындлер мяркуе, што Расея вядзе таемную вайну супраць чэмпіянату Еўропы ў футболе. Хуліганы - не рэдкасць у футболе, але тое, што адбылося ў гэтым годзе, - беспарадкі пасля матчу Расея - Вялікая Брытанія ў Марсэлі, у выніку якіх пацярпелі 35 ангельскіх фанатаў, а двое наогул апынуліся ў коме, - стварае «ўражанне падрыхтаванай палітычнай акцыі», піша экспэрт у артыкуле для нямецкага Bild (пераклад - inopressa.ru). Тым больш усё адбылося на фоне складаных стасункаў паміж Масквой і Еўразвязам.
На карысць гэтай версіі, на думку Шындлера, паказвае цэлы шэраг фактаў. Расейскія фанаты, адзначае ён, «былі, відавочна, былі добра падрыхтаваныя»: некаторыя «ультрас» мелі пры сабе ахоўныя капы для зубоў, хтосьці апранаў футболку з атрыбутыкай Англіі «для адцягнення ўвагі». А падчас нападаў на турыстаў у Кёльне расейскія хуліганы, якія накіроўваліся ў аэрапорт, мелі пры сабе пальчаткі і маскі для твару, што з'яўляецца цалкам нетыповым адзеннем для чэрвеня.
Расейскія палітыкі, у тым ліку шэраг прадстаўнікоў Крамля, адрэагавалі на пабоішча ў Марсэлі досыць зларадна, паказвае экспэрт.
Таксама, прадаўжае Шындлер, існуе падазрэнне, што «экспарт расейскіх хуліганаў у Заходнюю Еўропу не быў выпадковасцю». Па-першае, цяперашнія «ультрас» дзейнічалі не так, як звычайныя расейскія п'яныя заўзятары на мерапрыемствах УЕФА. Сённяшняе пакаленне фанатаў знаходзіцца ў куды лепшай спартовай форме і, «як здаецца, напампоўвае цягліцы замест таго, каб піць гарэлку». Пры гэтым яны больш агрэсіўныя. Некаторыя заўзятары нават выхваляліся тым, што «мелі за плячыма вайсковую службу на Усходзе Украіны», паведамляе Шындлер, нагадваючы чытачам, што «там ужо два гады ідзе вайна».
У спецслужбах Вялікай Брытаніі палічылі, што насамрэч за «ультрас» стаіць расейскае ГРУ і аперацыя з'яўляецца часткай таго, што ў Крамлі называюць «гібрыдным вядзеннем вайны». Галоўная выведвальная ўправа (ГРУ) - расейская спецслужба, якая адказвае за з'яўленне «маленькіх зялёных чалавечкаў» у Крыме, тлумачыць аўтар. Мэта такіх «спецыяльных войнаў» - уплываць на палітыку, рабіць уздзеянне, патрэбнае Маскве, каб давесці ўсім, што Расею не варта недаацэньваць.
«На карысць датычнасці ГРУ паказвае і некалькі ўскосных фактаў, - мяркуе аўтар. - Першапачаткова адзін з затрыманых фанатаў, лідар ВОБ Аляксандр Шпрыгін быў заўзятарам маскоўскага «Дынама» - клуба, заснаванага КДБ».
«Шпрыгін - сумна вядомы галаварэз, які прытрымліваецца правых, неанацысцкіх поглядаў», - гаворыцца ў артыкуле. Яшчэ адзін факт: РФС арганізаваў авіярэйс для перавозкі 230 «хардкорных» фанатаў на матч 11 чэрвеня. Некаторыя заўзятары мелі татуіроўкі ГРУ. Са словаў аднаго з супрацоўнікаў французскіх спецслужбаў, некалькі расейскіх «ультрас» «вызначана былі са спецназу».
Адзін былы афіцэр ГРУ, імя якога не называецца, пагадзіўся з гэтай ацэнкай і звярнуў увагу на тое, што ў часы Савецкага Саюза спорт знаходзіўся пад кантролем Крамля і быў часткай савецкай рэчаіснасці, «якую Пуцін цяпер адраджае».
«Пуцін хоча стварыць у Заходняй Еўропе атмасферу страху, а што можа быць лепш, чым адправіць туды загартаваных байцоў, якія будуць чыніць беспарадкі на матчах? - гучыць довад экс-афіцэра. - Дарэчы, вонкава гэтыя «ультрас» - падцягнутыя, брутальныя хлопцы, заўсёды гатовыя пабіцца, - моцна нагадваюць мне ўласную службу ў ГРУ. У мяне няма ніякіх сумненняў у тым, кім з'яўляюцца гэтыя маладзёны».