Генадзь Фядыніч: з'едуцца 2,5 тысячы чалавек, каб смачна паесці за наш рахунак
15- 21.06.2016, 15:34
- 17,310
ФОТА: «Салiдарнасць»
«Усебеларускі народны сход» - гэта нікому не патрэбны баль падчас чумы.
Пра гэта лідар прафзвязу РЭП Генадзь Фядыніч заявіў у інтэрв'ю рraca-by.info, каментуючы прызначаны на 22-23 чэрвеня «ўсебеларускі народны сход».
Лепш бы яны рэкламавалі МАЗы, БелАЗы, тэлевізары
- Цягам апошніх некалькіх тыдняў на ўсіх тэлевізійных каналах рэкламуюць «усебеларускі народны сход». Звычайна што рэкламуюць па тэлевізары? Новую прадукцыю, каб людзі пра яе даведаліся, або нехадавы тавар. Дык вось сход належыць да другой катэгорыі. Таму што ніякай папулярнасцю ён сярод людзей не карыстаецца. Чарговы раз хочуць закласці людзям у галаву, што здзейсніцца нешта такое, праз што беларусы нарэшце з палёгкай уздыхнуць. Лепш бы яны рэкламавалі МАЗы, БелАЗы і тэлевізары.
Хто дасць слова шараговаму працоўнаму, лекару, настаўніку, пенсіянеру?
- Упэўнены, што ніводзін жыхар Беларусі не верыць у тое, што каму-небудзь з дэлегатаў дазволяць сказаць нешта ад сябе. Хто дасць слова шараговаму працоўнаму, лекару, настаўніку, пенсіянеру? Гэта блеф. Ніякай адкрытай размовы не будзе, як яго ніколі не было. Гэта чарговы піяраўскі ход, баль падчас чумы. Усе пытанні падрыхтаваныя і адрэпетаваныя, я ў гэтым не сумняваюся. Так для чаго гэта трэба? Каб стварыць бачнасць, што ўлада блізкая да народа, яна, маўляў, раіцца з народам. Але нічога такога.
Каб сход сапраўды быў усебеларускім, трэба, каб працоўныя калектывы самастойна абіралі дэлегатаў, а не пад кіраўніцтвам мясцовых адміністрацый і ідэолагаў. Тады на сходзе сапраўды прагучаў бы голас працоўных краіны, а не тое, што кажуць пра жыццё народа чыноўнікі.
Мы нічога новага не даведаемся
- Чаго чакаць? Ды нічога. Што, сход абвесціць, што будуць рэформы? Не. Што, з'явяцца новыя працоўныя месцы? Не. Што, цана газу будзе меншай? Не. Што, народны сход разбярэцца з цэнамі ЖКГ? Не. Што прымусіць улады праводзіць дэмакратычныя і празрыстыя выбары? Не. Яго праводзяць для таго, каб паказаць псеўдападтрымку дзейнаму дыктатару. Вось з'едуцца на два дні 2,5 тысячы чалавек, для чаго? Каб пажыць у добрым гатэлі, смачна паесці, атрымаць памятныя сувеніры, паглядзець канцэрт, вярнуцца дадому і распавесці ўсім родным, сябрам, знаёмым і калегам, якое выдатнае жыццё ў Беларусі. І як бы беларуская тэлевізія і СМІ не рэкламавалі гэты сход, нічога ў іх не выйдзе. Народ усё разумее. І яго нельга недаацэньваць. Мы нічога новага не даведаемся. Не даведаемся, як выцягнуць эканоміку з крызісу, як развязаць праблему дэфіцыту пенсійнага фонду, як прадухіліць рост беспрацоўя і як забяспечыць людзям, якія страцілі працу, сацыяльную абарону, вярнуць ільготы чарнобыльцам, дзецям, якія ўлада ў іх забрала. Вось пра гэта павінна ісці гаворка на Усебеларускім сходзе. І не проста ісці гаворка - народ павінен запатрабаваць ва ўрада і Лукашэнкі развязаць усе гэтыя задачы. А калі яны не развяжуць, хай сыходзяць у адстаўку. Вось тады сход можна было б уважаць за Усебеларускі. Гэта было б дэмакратычна і справядліва ў дачыненні да грамадзян Беларусі.