Мінабароны прызналася, што расейскія самалёты прыляталі на трэніроўку ў Беларусь
10- 21.06.2016, 15:40
- 20,398
Некалькімі гадзінамі раней беларускія вайскоўцы запэўнівалі, што ім «нічога не вядома» аб супольных вучэннях з авіяцыяй Расеі.
Міністэрства абароны Беларусі прызнала факт правядзення на тэрыторыі рэспублікі супольных вучэнняў з вайсковай авіяцыяй Расеі. Некалькімі гадзінамі раней начальнік управы інфармацыі галоўнай управы ідэалагічнай работы вайсковага міністэрства Уладзімір Макараў заяўляў, што яму нічога не вядома пра тое, што на мінулым тыдні на аэрадроме 61-й знішчальнай авіябазы знаходзіліся расейскія вайсковыя самалёты, а ў раёне Баранавічаў праводзіліся вучэнні, паведамляе БелаПАН.
"У ВПС і войсках СПА Рэспублікі Беларусь скончыўся этап супольнай камандна-штабной трэніроўкі ў кіраванні авіяцыяй і воінскімі часткамі супрацьпаветранай абароны, якія ўваходзяць у Адзіную рэгіянальную сістэму супрацьпаветранай абароны Рэспублікі Беларусь і Расейскай Федэрацыі, - гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Мінабароны. - У трэніроўцы ўзялі ўдзел самалёты Су-27 і Су-34 Паветрана-касмічных сіл Расейскай Федэрацыі".
Як адзначаецца ў паведамленні, "мерапрыемства з'яўляецца планавым і дасць магчымасць павысіць узровень падрыхтоўкі кіроўнага складу ВПС і войскаў СПА Рэспублікі Беларусь і Паветрана-касмічных сіл Расейскай Федэрацыі ў кіраванні падначаленымі злучэннямі і воінскімі часткамі, а таксама зладжанасць супольных дзеянняў лётных экіпажаў дзвюх краін".
Цяпер прадаўжаецца другі этап трэніроўкі, у якім удзельнічае авіяцыя ВПС і войскаў СПА Беларусі, паведаміла Мінабароны.
Аб прылёце ў Баранавічы Су-34 і вучэннях, якія праводзіліся з беларускай вайсковай авіяцыяй падчас буйных манеўраў NATO ў Польшчы, паведамлялі незалежныя СМІ.