13 студзеня 2026, aўторак, 3:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Колькі нам будзе каштаваць адзін дэлегат «усебеларускага сходу»?

37

Паводле самых сціплых падлікаў на падарункі, гатэлі і забавы дэлегатаў з бюджэту выдаткуюць блізу мільёна даляраў.

З рэгіёнаў у Менск прыедзе 2100 дэлегатаў «усебеларускага сходу». Усіх іх трэба дзесьці размясціць на двое сутак. У гатэлі «Беларусь» журналісту «Еўрарадыё» адказваюць, што ён практычна цалкам зарэзерваваны для дэлегатаў сходу. Праўда, на пытанне, засяляе гатэль дэлегатаў бясплатна або за грошы, адказваць адмаўляюцца.

«Яны ж фактычна ва ўсіх гатэлях будуць жыць - гэта ўсё, што я магу вам адказаць на ваша пытанне. Палітыка прыватнасці, вы ж разумееце», - адказваюць у гатэлі «Мінск».

Кошты ў гатэлях розныя, як розныя і нумары. Але калі ў сярэднім пражыванне аднаго чалавека каштуе 50 даляраў, то пражыванне ўсіх рэгіянальных дэлегатаў цягам двух дзён будзе каштаваць прыблізна 200 тысяч даляраў.

Пры гэтым кожны дэлегат атрымае прэзент - так званы «партфель дэлегата», кажа прэс-сакратар прэм'ер-міністра Беларусі Уладзіслаў Сычэвіч. Праўда, што ў ім будзе, не раскрывае.

«Такі партфель будзе, а ў ім - раздатачны матэрыял «усебеларускага народнага сходу». Інфармацыя статыстычная за пяцігодку, праект праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця, апублікаваны ў СМІ. А вось наконт падарункаў я дакладна не ведаю, што будуць на гэты раз дарыць», - распавёў прэс-сакратар.

Глядзім, што дарылі дэлегатам IV-сходу ў 2010 годзе: партфель, дзве асадкі з гравіроўкай, гадзіннік «Луч» з гравіроўкай, арганайзер, значок дэлегата, два нататнікі, мікрахвалеўку «Гарызонт», фотаальбом пра Беларусь у двух тамах.

Афіцыйна кошт гэтага набору не агучваўся, але журналісты падлічылі, што «важыў» ён не менш за 230 даляраў. Усяго «партфель дэлегата-2010» каштаваў блізу 575 тысяч даляраў.

Можа, набор стандартны, і тое ж самае падораць сёлета?

«У мінулы раз нашы гадзіннікі ў наборы былі, але сёлета мы не пастаўляем сваю прадукцыю для гэтага сходу», - адказваюць на заводзе «Луч».

Хутчэй за ўсё, без падарунка дэлегаты не застануцца, але падлічыць яго кошт пакуль не магчыма.

Што яшчэ? Паводле традыцыі ніводнае мерапрыемства такога маштабу не абыходзіцца без культурнай праграмы. Будзе яна і сёлета. Арганізуе канцэртную праграму канал «АНТ». За якія грошы? Даведацца пра гэта дапамагае сайт тэндэрных закупак. На ім абвестка: прапаноўваем ахвотным «арганізаваць і правесці ўрачысты вечар у рамках культурнай праграмы V» усебеларускага народнага сходу». За... 3 мільярды 662 мільёны 824 тысяч рублёў. На сёння гэта блізу 185 тысяч даляраў.

На сцэну выйдуць усе самыя знакавыя артысты. Да прыкладу, Аляксей Хлястоў і Аляксандр Саладуха. Выступы будуць аплачаныя. Колькі нулёў мае іх ганарар?

Сумы досыць прымальныя. Я не скажу, што ганарар проста шыкоўны, як у масквічоў. Не, звычайны... У кантэксце правядзення мерапрыемства прымальны, у межах бюджэту. Цяпер такія эканамічныя варункі, што я рады, што знаходзяцца сродкі і аплачваюцца артыстам», - сказаў Аляксей Хлястоў.

«Ганарар... Нейкі невялікі ганарар ёсць, так. Але ва ўсякім разе тэлевізійны эфір - гэта ўжо добра, а калі яшчэ і плацяць грошы, то ўвогуле супер», - адказвае пра суму ганарару Аляксандр Саладуха.

Калі падарункі будуць не даражэйшыя, чым у дэлегатаў папярэдняга сходу, гасцей не паселяць у хостэлы і да сталічных сваякоў, а артысты не адмовяцца ад ганарараў, то толькі гэтыя выдаткі даюць нам суму, якая перавышае мільён даляраў. А яшчэ ж трэба дадаць харчаванне дэлегатаў, арганізаваны прыезд у сталіцу на аўтобусах, іншыя выдаткі...

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках