Віцебскія актывісты дамагліся ліквідацыі расейскага трыкалора з аўтобусаў
19- 21.06.2016, 17:00
- 9,940
Цяпер кіроўцам забаранілі прымацоўваць сцяжкі да вокнаў грамадскага транспарту.
Філіялу «Аўтобуснага парку №1 г. Віцебска» і «Віцебскай трамвайна-тралейбуснай управе» дадзеныя ўказанні надаць асаблівую ўвагу выкананню патрабаванняў ПДР пры выпуску аўтобусаў на лінію. Пра гэта гаворыцца ў адказе начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віцебскага гарвыканкама Сяргея Саглаева на зварот каардынатаркі аргкамітэта партыі БХД Таццяны Севярынец.
Прынамсі, гэта тычыцца пункта 37 дадатку да ПДР, згодна з якім на шыбах і аконных праёмах транспартнага сродку не павінны ўсталёўвацца не прадугледжаныя яго канструкцыяй дадатковыя прадметы, паведамляе сайт bchd.info.
Таццяна Севярынец даслала зварот у Віцебскі гарвыканкам з патрабаваннем навесці ў грамадскім транспарце ідэалагічны парадак. Ёй не раз даводзілася патрабаваць у кіроўцаў грамадскага транспарту, каб тыя здымалі савецкія і расейскія сцяжкі, якія прымацоўваюцца перад лабавымі шыбамі.
«Дэманстрацыя палітычных поглядаў у грамадскім транспарце непрымальная, тым больш у сённяшніх варунках ціхай анэксіі Расеяй Беларусі», - адзначыла яна.