13 студзеня 2026, aўторак, 3:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Супрацоўніца музея ў Полацку праз удзел у «выбарах» засталася без працы

6
Супрацоўніца музея ў Полацку праз удзел у «выбарах» засталася без працы
Вольга Дамаскіна

Адміністрацыя музея адмовілася прадоўжыць кантракт з актывісткай руху «За свабоду».

Адміністрацыя Полацкага гісторыка-культурнага музею-запаведніка адмовілася прадаўжаць кантракт з актывісткай руху «За свабоду» Вольгай Дамаскінай. Яна заявіла кіраўніцтву пра сваё жаданне балатавацца ў «парламент» і ўважае звальненне за палітычна матываванае, паведамляе pyx.by.

Вольга працуе ўжо 16 гадоў у Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку. З 2012 года - загадчыцай музея традыцыйнага ткацтва Паазер'я. У 2016 годзе актывістка атрымала другую адукацыю ў Інстытуце культуры Беларусі ў кваліфікацыі музеязнаўцы.

«3 чэрвеня я пайшла да дырэктара, каб даведацца ці прадоўжаць са мной кантракт, які ў мяне да 31 ліпеня. Тым больш, апошнім часам мяне вельмі часта папярэджвалі аб тым, што ў мяне заканчваецца кантракт (як на словах, так і дзеяннямі: са мной перасталі раіцца наконт працоўных пытанняў, якія я, як загадчыца музея непасрэдна павінна была развязваць). Калі я пачала размову аб падаўжэнні кантракта, дырэктар мне сказала, што пакуль не ведае, будзе думаць да 30 чэрвеня, я ёй распавяла, што буду ўдзельнічаць у «парламенцкіх выбарах», - распавяла Вольга Дамаскіна.

Паводле яе слоў, дырэктар у размове адзначыла, што Вольга «даўно перарасла гэты музейны ўзровень, трэба ісці вышэй, і вельмі добра, каб у «парламенце» быў бы хоць адзін чалавек, які ведае музейную справу».

«Развіталіся мы на тым, што яна будзе думаць. Але, я ж працую ў жаночым калектыве, і мне мае калегі амаль адразу распавялі, што, калі я пайшла - кіраўніцтва агучыла, што прадаўжаць кантракт са мной не будзе. І цяпер у калектывах іншых музеяў ужо пачаліся нейкія размовы і ўжо іншым людзям прапануюць месца», - падкрэсліла актывістка руху «За свабоду».

Дамаскіна падкрэсліла, што дырэктара запаведніка яна паважае і заўсёды паважала за яе погляды, за тое, што яна вельмі шчыра бараніла інтарэсы горада, запаведніка, за яе адданасць працы, прафесіяналізм у музейнай справе, а таксама не ціснула на яе праз палітычныя погляды.

Паводле правілаў запаведніка паведамленне аб спыненні кантракту выдаюць за 1,5 месяца, але ў калектыўнай дамове прапісана, што не пазней за месяц, патлумачыла яна.

«Я люблю сваю працу, свой музей і хачу працаваць далей. А мой удзел у «парламенцкіх выбарах» даў бы магчымасць публічна агучыць не толькі праблемы краіны, горада, але і музейнай справы, культуры. Сёння трэба перастаць бачыць музей проста як месца, дзе захоўваюцца экспанаты, трэба каб яны былі цэнтрамі культуры, якія генеруюць культурныя ініцыятывы, заклікаюць людзей да дыялогу і такім чынам не толькі выхоўваюць нацыянальна свядомага чалавека, але і ўплываюць на развіццё культурнага асяроддзя рэгіёну», - склала Вольга Дамаскіна.

Яна падкрэсліла, што пайшла атрымліваць другую адукацыю менавіта, каб працаваць у музеі, і спецыялістаў з гэтай адукацыяй амаль няма ў Полацкім запаведніку.

«Навошта не прадаўжаць кантракт, калі запаведнік аплачваў маё навучанне? І тое, што кантракт пагражаюць не прадоўжыць, я звязваю толькі з тым, што наважыла ўдзельнічаць у «выбарах», - сказала на заканчэнне актывістка руху.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках