Пуцін надумаўся першым патэлефанаваць Эрдагану
20- 28.06.2016, 18:34
- 27,561
Прэзідэнты Расеі і Турцыі - Уладзімір Пуцін і Раджэп Таіп Эрдаган - 29 чэрвеня правядуць тэлефонную размову з ініцыятывы Масквы.
Пра гэта распавёў прэс-сакратар расейскага лідара Дзмітрый Пяскоў. Пра гэта ў аўторак, 28 чэрвеня, паведамляе Lenta.ru.
Прадстаўнік Крамля адмовіўся каментаваць пазіцыю кіраўніка дзяржавы загадзя. Аднак ён адзначыў, што, накіраваўшы пасланне, Эрдаган зрабіў важны крок у бок нармалізацыі стасункаў.
«Безумоўна, трэба будзе разам зрабіць насустрач адзін аднаму яшчэ не адзін крок. Не трэба думаць, што за некалькі дзён атрымаецца ўсё нармалізаваць. Але праца ў гэтым кірунку будзе прадаўжацца», - заявіў Пяскоў.
Прэс-сакратар прэзідэнта РФ адзначыў, што Пуцін займаў паслядоўную пазіцыю і неаднаразова гаварыў аб жаданні падтрымліваць добрыя стасункі з Турцыяй і турэцкім народам, а таксама аб безальтэрнатыўнасці гэтых добрых стасункаў. Пяскоў таксама нагадаў і пра ўмовы, якія трэба было стварыць для гэтага.
27 чэрвеня Эрдаган накіраваў Пуціну пасланне, у якім выбачыўся і выказаў «свае глыбокія спачуванні сям'і загінулага расейскага пілота» Алега Пяшкова. Следам прэс-сакратар турэцкага прэзідэнта Ібрагім Калын заявіў, што Масква і Анкара дамовіліся неадкладна прыступіць да аднаўлення стасункаў.
Апошняя тэлефонная размова Пуціна і Эрдагана, паводле афіцыйнага сайту Крамля, адбылася 4 лістапада 2015 года, апошняя сустрэча - 16 лістапада 2015 года.