Падрабязнасці трагедыі ў Крупскім раёне: Газ мог утварыцца праз гарачыню
20- 29.06.2016, 16:42
- 11,142
Увечары 28 чэрвеня ў каналізацыйным калодзежы ў Крупскім раёне загінулі шасцёра чалавек, у тым ліку два супрацоўнікі МНС.
Журналісты tut.by паспрабавалі разабрацца, што стала прычынай трагедыі ў вёсцы Каменка.
На вуліцы Сонечная ў вёсцы Каменка шматлюдна. Вось той самы дом, каля якога адбылася трагедыя. Блізкія просяць яго не фатаграфаваць: не траўмаваць дзяцей загінулага Сяргея. У гаспадара засталіся дзве дачкі-школьніцы. Цяпер з імі працуюць псіхолагі.
Побач з домам, за плотам, каналізацыйны самаробны калодзеж, які перыядычна павінны чысціць спецыялісты. Ён абнесены жоўтай стужкай: праход забаронены. Тут учора загінулі шэсць чалавек.
Мясцовыя распавядаюць, калодзежы тут ва ўсіх падобныя. Самаробныя, метраў на шэсць глыбінёй. Унутры лесвіца, але да дна яна не дастае. У той вечар Сяргей, абвязаўшы сябе тросам, хацеў спусціцца ўнутр. Жонка стаяла побач. Але дастаць да дна ён не паспеў, мабыць, страціў прытомнасць. Жонка стала клікаць на дапамогу.
Недалёка ад месца трагедыі стаіць жанчына ў чорнай павязцы - Алена Смаленская, суседка Сяргея. Учора ўвечары яна страціла мужа і зяця.
- Памятаю толькі, што да нас прыбегла дачка Сяргея: «Тата тоне». За ёй ірвануў мой зяць Дзяніс, ён цяпер у нас у адпачынку. А за ім - мой муж Пётр Ільіч, пенсіянер. Потым я пачула, як Пеця крычаў: «Дзяніс». Напэўна, ён палез па яго.
Калі Алена Вацлаваўна прыбегла да суседзяў, яе родныя, як і Сяргей, былі ўжо ў калодзежы.
- Я не ведаю, якая там глыбіня: вада там ці жыжка, але людзей унутры відаць не было, - успамінае падзеі страшнай ночы Алена. - Хто ведае, чаму яны памерлі? Можа, газ іх забіў, а можа, праваліліся.
На лаўцы недалёка ад дома сядзяць мясцовыя пенсіянеркі, кажуць, людзі каля калодзежа сталі збірацца хутка, усе спалохаліся, думалі, дзеці тонуць.
- Людзей шмат было, але ніхто не лез ратаваць, - працягвае Алена Вацлаваўна. - А Віця побач праходзіў, зусім малады хлопец, 22 або 23 яму было. Ён і кінуўся на дапамогу. Людзі яго не пускалі, а ён ірваўся і таксама там застаўся...
Жыхары распавядаюць, некаторыя відавочцы праз пах або паніку неўзабаве таксама адчулі сябе дрэнна. Пасля прыехалі ратавальнікі, хуткая дапамога.
- Першы супрацоўнік МНС, які спускаўся ў калодзеж, быў у поўным рыштунку - кіслародны балон, маска, - тлумачыць сітуацыю Анатоль Ганчар, намеснік старшыні Крупскага райвыканкама. - Ён спусціўся ў калодзеж, і магчыма, яму было складана туды спускацца, магчыма, рыштунак не дазваляў яму аператыўна дзейнічаць (глыбіня студні - блізу 6 метраў, дыяметр - паўтара). Аднаго з пацярпелых ён зачапіў вяроўкай і падняў, а пасля гэтага адчуў недамаганне. Можа, зачапіў маску, а можа, высокая канцэнтрацыя газу. У рэшце яго таксама эвакуіравалі. Як адбылося, што ў калодзеж спусцілася яшчэ два байцы МНС без балонаў, не ведаю.
Жыхары тлумачаць гэта так:
- Мясцовыя на іх крычалі: «Што вы стаіце, ратуйце іх!» Вось яны пад ціскам і палезлі ў калодзеж.
Баец, які быў у рыштунку, цяпер у бальніцы. Двух іншых, Аляксандра Шыманскага і Андрэя Сліборскага, дасталі з калодзежа яшчэ жывымі, на хуткай павезлі ў рэанімацыю. Але дапамагчы ім лекары ўжо не змаглі. Астатніх з калодзежа дасталі ўжо мёртвымі.
- Як вы думаеце, што гэта быў за газ? - пацікавіліся журналісты ў намесніка старшыні райвыканкама.
- Гэта можна параўнаць з тымі тэхналогіямі, што выкарыстоўваюцца для атрымання біягазу. Увесь тыдзень у нас былі высокія тэмпературы +34. І адходы, якія былі ў калодзежы, пачалі кіснуць з вылучэннем біягазу. Ёсць інструкцыя, што пранікаць у калодзеж, пакуль з яго не адпампавалі адходы, і не правентыляваны, без адпаведных сродкаў нельга. Сам гаспадар працаваў газавіком, праходзіў навучанне, але магчыма, проста не падумаў пра гэта.
Мясцовыя жанчыны плачуць.
- Сярожа быў вельмі працавітым, 43 гады, нарадзіўся ў Каменцы. Як з бацькамі жыў, мы суседзямі былі, - ледзь стрымлівае слёзы адна з суседак. - Рукі ў яго залатыя. Дах вось сам зрабіў. Кожны год вялікі агарод саджаў, а гэтым разам чамусьці не захацеў...