Польшча стварае добраахвотніцкі атрад на выпадак гібрыднай вайны з РФ
8- 3.06.2016, 21:32
- 15,003
Фармаванне ваенізаванай групы пачнецца ў верасні, а ў яе склад увойдуць 35 тыс. добраахвотнікаў.
Польшча створыць добраахвотніцкія атрады для прадухілення магчымай пагрозы гібрыднай вайны з боку Расейскай Федэрацыі. Пра гэта паведаміў упаўнаважаны польскага мінабароны ў ваенізаванай групе Гжэгаж Квасняк, паведамляе gordonua.com са спасылкай на нямецкае выданне Spiegel.
У якасці добраахвотнікаў мяркуецца прыцягнуць грамадзянскіх асоб, якія атрымалі вайсковую падрыхтоўку. Фармаванне ваенізаваных груп плануюць пачаць у верасні, а яго мэтай стане падрыхтоўка да магчымай гібрыднай вайны, падобнай да той, якую Расея развязала на тэрыторыі Украіны.
У склад групоўкі ўвойдуць 35 тыс. добраахвотнікаў.
Добраахвотніцкія брыгады будуць у кожным з 16 польскіх ваяводстваў, а ў самым буйным і густанаселеным Мазавецкім ваяводстве будуць разгорнутыя дзве брыгады. Са слоў Квасняка, добраахвотнікі кожны месяц будуць атрымліваць блізу 500 злотых (€ 125).
Раней міністр абароны Польшчы Антоні Мацарэвіч, адказваючы на пытанне пра расейскую пагрозу, заявіў, што толькі краіны, якія мяжуюць з Расеяй, усведамляюць яе рэальнасць. Мацарэвіч дадаў, што Польшча штодня сутыкаецца з расейскімі правакацыямі, такімі як парушэнне паветранай прасторы, павелічэнне вайсковага кантынгенту ў Калінінградзе, а таксама разгортванне ракет «Іскандэр».